Хронікі рэпрэсій за 1 снежня
«Хапун» і публічны суд у Брэсце, затрыманне баптысцкага пастара і 15 сутак маці дарадцы Ціханоўскай — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1114 дзён, Дзяніс — 994 дні.
***
У дачыненні да журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча распачата крымінальная справа за «садзейнічанне экстрэмізму» (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса), піша «Гродзенская праўда».
Хільмановіч не жыве ў Беларусі 2,5 гады. 1 снежня ў кватэры жонкі праваабаронцы, дзе ён пражываў з 2014 па 2021 год, прайшоў ператрус. У выніку былі канфіскаваны камп'ютар, старое пасведчанне журналіста, кнігі, кампакт дыскі і паштовыя маркі.
Тыдзень таму ў кватэры па месцы яго жыхарства, згодна з пастановай Следчага камітэта аб арышце маёмасці, былі апісаны мэбля і старая лядоўня.
Уладзімір Хільмановіч — праваабаронца, журналіст, сябра беларускай «Нобелеўскай дэлегацыі».
***
30 лістапада сілавікі прыйшлі ў будынак ТРК «Віцебск» для затрымання галоўнага рэжысёра Сяргея Арлова, ператрусы правялі ў яго кабінеце і дома, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».
Што ставіцца ў віну рэжысёру, невядома.
Сяргей Арлоў — стваральнік многіх дакументальных фільмаў і праграм (найбольш вядомая стужка «Ефрасіння Полацкая», а яго цыкл «Сямейны альбом» стаў пераможцам Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat»). Акадэмік Міжнароднай еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё. Арганізатар тэлемарафону па зборы сродкаў на аднаўленне Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора. Дырэктар тэлеканала 6ТВК і арганізатар рэгіянальнага тэлеканала «Віцебск».
***
Сілавікі затрымалі гродзенскага баптысцкага пастара Царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Святло свету» Васіля Трубчыка, паведамляе «Хрысціянская візія».
Дзе цяпер знаходзіцца Трубчык і за што быў затрыманы — невядома.
Васіль Трубчык з'яўляецца вядомым баптысцкім прапаведнікам і хрысціянскім аўтарам.
***
Брэсцкае дзяржТБ апублікавала ролік пра «выязное пасяджэнне баранавіцкага суда»: яно праходзіла ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасці.
Як устанавіла «Брэсцкая вясна», абвінавачанага завуць Тацын Валерый Вячаслававіч, яму 48 гадоў. Суд над ім праходзіў 28 лістапада.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён напісаў некалькі інтэрнэт-каментароў пра Лукашэнку, якія палічылі «публічнай абразай». У выніку Тацыну прысудзілі 1 год калоніі і на вачах навучэнцаў каледжа надзелі кайданкі.
***
Паводле даных тэлеграм-канала, блізкага да сілавікоў, былі затрыманы 15 студэнтаў розных брэсцкіх навучальных устаноў, у тым ліку Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Чацвёра затрыманых знаходзяцца ў ізалятары, астатнія на волі, паведамляе «Салідарнасць».
У публікацыі з'едліва адзначаецца, што маладыя людзі «пакуль яшчэ на волі». Іх абвінавачваюць у тым, што «ў сацыяльных сетках, пабліках, чатах распаўсюджвалі нацысцкія, фашысцкія, экстрэмісцкія матэрыялы і парнаграфію». Па скрынах, выкладзеных сілавікамі, падобна, што студэнты дасылалі адно аднаму жарты пра Гітлера (пад адным з відэа стаіць подпіс «аўтар гэтага відэа з пагардай ставіцца да нацызму»).
У гутарцы з чытачом «Нашай Нівы» першы прарэктар універсітэта імя Пушкіна Сяргей Марзан запэўніваў, што студэнтаў не затрымлівалі.
Пра «хапун» моладзі ў Брэсце паведаміў 30 лістапада тэлеканал «БЕЛСАТ». Паводле яго, каля 15 чалавек маглі забраць за падтрымку Украіны. Ператрусы прайшлі ў інтэрнаце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.
***
Суд арыштаваў бацьку актывіста Аляксея Трубкіна, які з 2006 года не жыве ў Беларусі, на 15 дзён, піша «Беларускае Радыё Рацыя».
Па якім артыкуле арыштавалі Анатоля Трубкіна — невядома. Яму 69 гадоў. Ён з'яўляецца інвалідам па зроку, хварэе на дыябет, а нядаўна перажыў інсульт.
Як сам Аляксей расказаў «Медыязоне», прычына ператрусу пакуль невядомая. Раней бацькам Аляксея прыходзілі лісты на яго імя са Следчага камітэта, падатковай інспекцыі і ваенкамата.
«Да бацькоў прыйшлі з раніцы, абрубілі святло. Ламаліся ў дзверы. Яны вырашылі, што лепш адчыніць, каб не выламалі дзверы», — сказаў ён.
Аляксей жыве ў Польшчы. Ён цікавіцца гісторыяй, праводзіць для беларусаў экскурсіі па Беластоку.
***
Маці дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і справах студэнтаў прысудзілі 15 сутак.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Інэса Ворыхава была прысуджана да 15 сутак «у якасці папярэджання за рассылкі і рэпост». Аўтары каналаў пішуць, што «калі яна не зразумее, то атрымае судзімасць».
Пра арышт Інэсы Ворыхавай стала вядома напярэдадні: па месцы яе працы прыехаў АМАП.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 291 дзень, Максіма Знака — 295 дзён, Мікалая Статкевіча — 294 дні, Ігара Лосіка — 285 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 150 дзён, Віктара Бабарыкі — 221 дзень, Уладзіміра Гундара — 119 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1447 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1660 чалавек. Сярод іх — 178 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.