Хронікі рэпрэсій. Уладам не ўдаецца прадаць маёмасць праваабаронцы Валянціна Стэфановіча

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 28 чэрвеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp

20 чэрвеня ў судзе Хоцімскага раёна разглядалася крымінальная справа мясцовага жыхара Андрэя Каралёва. Мужчыну абвінавацілі ў «паклёпе на Лукашэнку» паводле ч.1 арт. 367 КК. Справу разглядала суддзя Алеся Парфёненка.

Па дадзеных @MAYDAYMog, падставай для крымінальнага пераследу стаў каментар да навіны ў адным з Telegram-каналаў, які змяшчае рэзкую крытыку ў адрас кіраўніка. Гэтага аказалася дастаткова, каб суд прысудзіў Андрэя да двух гадоў пазбаўлення волі на агульных умовах.

* * *

Сілавікі апублікавалі чарговае відэа з затрыманым. Мінчук на відэа кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах, быў у «экстрэмісцкіх» чатах і пісаў бесстароннія каментары на адрас супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», мужчына падпісаны ў сацсетках як Яўген Узахаў.

* * *

На аўкцыёне «Белюрзабеспячэнне» спрабавалі прадаць нерухомасць палітвязня Валянціна Стэфановіча. На таргі была выстаўленая арыштаваная 1/7 частка адміністрацыйнага памяшкання ў Мінску, якая належыць палітвязню Валянціну Стэфановічу. У першы раз яе спрабавалі прадаць у красавіку гэтага года за 33,3 тысячы рублёў. Але тады пакупнікоў не знайшлося.

На другім аўкцыёне, які прайшоў 25 чэрвеня, пачатковую цану знізілі да 26 640 рублёў. Аднак і гэтым разам не было ахвотных набыць «адціснутую» ў палітвязня маёмасць.

Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што памяшканне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасці сябрам праваабарончай арганізацыі. Яно выкарыстоўвалася для правядзення бясплатных івэнтаў — лекцый, дыскусій, выстаў.

* * *

МУС абнавіла «Спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім плюс 36 чалавек, а ў цэлым — 4190 імёнаў. Сярод новых асоб у спісе — лідарка незалежнага прафзвязу «Нафтан» Вольга Брыцікава, ганаровая выпускніца БДУ Ксенія Хадырава, журналіст Ігар Карней, вернік-каталік Уладзіслаў Беладзед.

* * *

Стаў вядомы прысуд Вользе Брыцікавай: 3 гады калоніі агульнага рэжыму, нібыта за «распальванне сацыяльнай варожасці». Прафсаюзная актывістка ўжо накіраваная для адбыцця пакарання ў жаночую ПК № 4 Гомеля.

* * *

У Гомелі сям'я была асуджаная за «здраду дзяржаве». Як стала вядома Радыё Свабода, адзін з абвінавачаных, Васіль Прохараў, атрымаў 11 гадоў пазбаўленьня волі. Яго жонка Ларыса і сын Павел  па 8 гадоў няволі. Яшчэ адзін фігурант справы, настаўнік беларускай мовы Руслан Прахарэнка, прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пра лёс пятага абвінавачанага Фёдара Аксяненкі нічога не вядома.

З неафіцыйнай крыніцы вядома, што крымінальная справа тычыцца фатаграфавання розных аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі. Фігуранты некаторы час да затрымання знаходзіліся пад наглядам спецслужбаў.

Працэс праходзіў за зачыненымі дзвярыма.

* * *

26 чэрвеня выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне, былы палітзняволены Дзмітрый Шчарбін са Жлобіна.

Дзмітрыя затрымалі ў кастрычніку 2023 года за рэалізацыю права на свабоду выказвання меркаванняў у каментарах у сацыяльных сетках. Была заведзена крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы) Крымінальнага кодэкса. 28 лютага Вадзім Бобыраў вынес Дзмітрыю прысуд — 1 год калоніі. Пакаранне ён адбываў у папраўчай калоніі № 17 г. Шклоў.

12 сакавіка праваабарончая супольнасць прызнала Дзмітрыя Шчарбіна палітзняволеным. 24 траўня Міністэрства ўнутраных спраў унесла Дзмітрыя ў спіс так званых «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».