Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 9 лістапада

Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

barbed_wire_765484_1920.jpg


З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта звольнілі даследчыцу гісторыі праваслаўя Святлану Сілаву. Афіцыйная прычына звальнення даследчыцы — адсутнасць на працы больш за тры гадзіны. 18 кастрычніка Сілава была затрыманая, яе вызвалілі праз трое сутак і канфіскавалі тэлефон.
За рэгістрацыю ў чат-боце палка Каліноўскага затрыманыя пяцёра беларусаў. КДБ праводзіць праверку ў дачыненні да іх па падазрэнні ў «супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі».
Мінгарвыканкам забараніў каталіцкім вернікам маліцца каля Чырвонага касцёла і ў яго зашклёнай галерэі, аргументаваўшы гэта неабходнасцю выпраўлення «наступстваў пажару». Пры гэтым, як стала вядома СМІ, чыноўніка, які адмовіў вернікам у малітве, затрымалі за хабарніцтва.
Сілавікі разграмілі кватэру мужа прэс-сакратаркі палка Каліноўскага Крысціны «Чабор». Свае дзеянні яны знялі на відэа. 5 лістапада з аналагічным «візітам» ГУБАЗіК прыходзіў на кватэру да самой Крысціны.
Выйшаў на волю вернік мінскай царквы хрысціян веры евангельскай «Гефсіманія» Максім Стасілевіч. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла яго сястра Вольга. Стасілевіча затрымалі ў канцы ліпеня за ўлёткі з малітвамі. У жніўні супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Тры гады «хатняй хіміі» пысудзілі супрацоўніку «Мінгаза» Дзмітрыю Латушкіну за «ўдзел у маршы». У дадатак да прысуду «Мінсктранс» прад'явіў Латушкіну пазоў на 22 500 рублёў.
Гарадскі суд Санкт-Пецярбурга сёння ўхваліў экстрадыцыю ў Беларусь Андрэя Рускіх. Мужчыну інкрымінуюць «абразу Лукашэнкі» — за каментары ў сацсетках.
Па справе так званага «Саюза Беларускага нацыянальнага шчыта» затрыманыя пяцёра беларусаў. ГУБАЗіК абвінаваціў іх у «планаванні дыверсій і тэрактаў», а таксама ў «падпале рамкі "BelToll"». З імі знялі «пакаяльныя відэа».
У Гомелі пачаўся судовы працэс па справе «Рабочага руху». На лаве падсудных — дзесяць былых супрацоўнікаў «Нафтана», БМЗ, «Гродна Азота» і «Беларускай чыгункі»: Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагярыла, Ганна Аблап, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цяраневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандр Капшуль. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.
2 гады калоніі агульнага рэжыму прысудзілі 22-гадоваму Яўгену Рагуцкаму за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Хлопец хварэе на рэўматоідны артрыт.
Праваабаронцы «Вясны» налічваюць у Беларусі 1389 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1697 чалавек, сярод іх 202 жанчыны і 7 непаўнагадовых.