Усе фігуранты справы «Рабочага Руху» сваю віну ў здрадзе дзяржаве не прызналі
У судзе Гомеля сёння, 10 лістапада, працягнуўся разгляд крымінальнай справы ўдзельнікаў «Рабочага Руху».
На сённяшнім пасяджэнні падсудным было дадзена права выказаць сваё стаўленне да прад'яўленага абвінавачвання, піша «Л*стэрка».
Усе 10 фігурантаў справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Абвінавачаны Андрэй Пагерыла пагадзіўся толькі з абвінавачваннем у паклёпе, паведаміла дзяржгазета «СБ».
У справе налічваецца 38 тамоў, у тым ліку сакрэтны — яго будуць разглядаць асобна. Фігурантамі расследавання сталі дзесяць чалавек. Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўко і Андрэй Пагерыла абвінавачваюцца паводле арт. 188 (Паклёп), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.
Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінец, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — паводле ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) КК.
Аляксандр Капшуль — паводле ч. 2 арт.295 (Незаконныя набыццё, захоўванне і перавозка боепрыпасаў), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) КК.
Санкцыя самага суровага артыкула абвінавачванні — здрада дзяржаве — прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, 22 жніўня КДБ паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы «Рабочага руху», у які ўвайшлі былыя і дзейныя работнікі шэрагу вядучых беларускіх прадпрыемстваў.
«У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена, што ўдзельнікі названага фарміравання, акрамя здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да суб'ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь, якая непасрэдна тычыцца прадпрымаемых імі спосабаў па абыходзе мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама варыянты процідзеяння такім спосабам», — паведамляла прэс-служба КДБ.
Паводле звестак КДБ, асобныя ўдзельнікі «Рабочага руху», які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем, планавалі варыянты блакавання вытворчай дзейнасці ААТ «Гродна Азот» і ААТ «БМЗ — УКХ «БМК» у мэтах парушэння працы прадпрыемстваў, пашкоджання і знішчэння іх маёмасці.