Хронікі рэпрэсій. Справа «аналітыкаў Ціханоўскай»: 206 гадоў зняволення на ўсіх

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 1 ліпеня 2024 года.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1_1.webp

Справа «аналітыкаў Ціханоўскай»

Вынесены прысуд па крымінальнай справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай. Працэс у парадку спецыяльнай вытворчасці праходзіў у Мінскім абласным судзе з 31 траўня па 1 ліпеня. У справе адразу 20 абвінавачаных: Аляксандр Дабравольскі, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.

Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка.

Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавацілі ў здзяйсненні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» ў сувязі з кампаніяй па выбарах Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў постэлектаральны перыяд.

1_1011.jpg

Ад Рыгора Кастусёва няма лістоў паўтара месяца

67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за тры гады. У верасні 2022 года Рыгора прызналі вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне. У красавіку яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру.

Зяць палітыка паведаміў «Вясне», што ад пачатку траўня на волю ад Рыгора не дайшоў ніводны ліст — раней такога вялікага перапынку ў ліставанні не было. 

«У яго вельмі вялікія праблемы з ліставаннем, бо лісты яму не даходзяць пачкамі. Бывае, піша, што "не атрымаў адказу, таму пішу зноў". Таму апошнія лісты былі больш перапісваннем аднаго таго ж».

Палітвязня Аляксандра Кулікова хочуць перавесці на турэмны рэжым

Аляксандра затрымалі 1 чэрвеня 2023 года наўпрост на мяжы па вяртанні з Польшы. Мужчына з'ехаў з Беларусі праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. 

Спачатку яго асудзілі за каментары ў «экстрэмісцкіх» чатах. А праз некалькі месяцаў яго пачалі судзіць ужо за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за «праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці». У снежні Аляксандру канчаткова прызначылі 4,5 гады зняволення. У сакавіку стала вядома, што пракурор апратэставаў прысуд Кулікову, у выніку чаго яму дадалі да тэрміну 1,5 года.

Стала вядома, што сёння, 1 ліпеня, у Івацэвічах адбыўся суд па замене Аляксандру рэжыма ўтрымання на турэмны. Працэс вёў суддзя Сяргей Кухацкаволец. Вынік суда пакуль невядомы.

У Магілёве затрыманы выкладчык па класе гітары

На катавальным відэа мужчыну прымусілі сказаць, што ён пакідаў абразлівыя каментары пра прадстаўнікоў улады.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — 36-гадовы Пётр Бельскі.

Senior-распрацоўшчыка з iTechArt пачалі судзіць за данаты 

У Мінскім гарадскім судзе 1 ліпеня распачаўся суд над 35-гадовым Іллём Гумбарам. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК у рэдакцыі да 26.05.2021) і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК). Яму пагражае да 8 гадоў калоніі. Справу разглядае Святлана Макарэвіч. Мужчына ўтрымліваецца пад вартай.

Вядома, што больш за дванаццаць гадоў Ілля працуе ў IT-кампаніі iTechArt і з'яўляецца адным з найлепшым трэйлранерам Беларусі. Трэйлранінг — гэта бег на вялікія дыстанцыі па перасечанай мясцовасці, часта гэта непралазныя лясы або высокія горы.

У судзе Мінскага раёна пачаўся суд над службовымі асобамі па справе сям'і Таратута

Абвінавачанымі па справе праходзяць Аляксандр Дзядок — начальнік ІСН Слуцкага РАУС і Арцём Галавінскі — следчы Слуцкага РАСК, чые бяздзеянне і халатнасць, на думку дзяржабвінавачання, спрыялі магчымасці працяглага катавання малалетняга Сямёна Таратуты. Першаму ставяць у віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 425 КК («Бяздзейнасць службовай асобы»), другому — ч. 2 арт. 428 КК («Службовая халатнасць»).

Раней Мінскім абласным судом быў вынесены прысуд па крымінальнай справе аб забойстве бацькамі са Слуцка свайго трохгадовага сына. Аляксандр Таратута, бацька трохгадовага Сямёна, быў асуджаны да смяротнага пакарання (расстрэлу), яго жонка Анастасія — да 25 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Пазней судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без змены, а апеляцыйныя скаргі абвінавачаных і іх абаронцаў — без задавальнення.

Палітвязня Мікіту Залатарова зноў будуць судзіць

Мікіту затрымалі 11 жніўня 2020 года. Тады яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі 5 гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні .

Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 КК за "наўмысна зрабленую падножку супрацоўніку СІЗА". Пазней палітвязня перавялі з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Але ў хуткім часе Мікіту перавялі на турэмны рэжым. 

Ужо 11 ліпеня ў Жодзіне над хлопцам пачнецца чарговы суд. Мікіту абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Кука. Яму могуць дадаць яшчэ 2 гады калоніі.