Хронікі рэпрэсій. Будзьце асцярожныя ў чат-рулетках і пры вяртанні ў Беларусь

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 23 чэрвеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Жыхара Гродна Антона Белавалава затрымалі пасля размовы ў чат-рулетцы. Сярод прычын — падпіскі на «шэраг экстрэмісцкіх каналаў» у Telegram і Instagram, а таксама негатыўныя каментары ў адрас сілавікоў. На гарадзенца выйшлі пасля размовы з правакатарам Юрыем Комам у чат-рулетцы, дзе ён падтрымаў Украіну. Пасля да яго прыйшоў ГУБАЗіК. У відэа сілавікоў гродзенца затрымліваюць у кватэры пры сілавой падтрымцы АМАПа.

* * *

9 чэрвеня судом Лёзненскага раёна да 15 сутак быў прысуджаны мясцовы жыхар, абвінавачаны ў «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП) і «непадпарадкаванні міліцыі» (арт. 24.3 КаАП). Паводле абвінавачання, мужчына на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» «трымаў у адкрытым доступе з мэтай распаўсюджвання інтэрнэт-старонку з назвай «Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Калі супрацоўнікі міліцыі хацелі агледзець кватэру па месцы жыхарства па пастанове пракурора, мужчына разбіў свой тэлефон. Ён заявіў суду, што зрабіў гэта ненаўмысна і «не меў намеру распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы». Суддзя Алена Шарэцпрысудзіла яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

* * *

Мінскі абласны суд прысудзіў 30-гадовую экс-супрацоўніцу пракуратуры Наталлю Лашч да 6 гадоў пазбаўлення волі па «справе ЧКБ». Суддзя Анатоль Дабрадзей вынес прысуд 1 сакавіка. Палітзняволенай было прад'яўлена абвінавачанне па арт. 179 Крымінальнага кодэкса («Незаконны збор і распаўсюджанне звестак аб прыватным жыцці») і ч.3 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») за зліў звестак у «Чорную кнігу Беларусі».

Наталля — юрыст 2 класа, былая супрацоўніца пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, некаторы час працавала спецыялістам па кадрах у ІТ-кампаніі.

* * *

Крымінальная справа Міхаіла Анціпава, абвінавачанага ў абразе дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК), разглядаецца ў судзе Барысаўскага раёна. Паводле версіі следства, у ноч на 20 сакавіка ў аграгарадку Лошніца 20-гадовы хлопец сарваў чатыры дзяржаўныя сцягі. Ён пашкодзіў тканіны сцягоў і зламаў дрэўкі.

Міхаіл з'яўляецца грамадзянінам замежнай дзяржавы, мае від на жыхарства Рэспублікі Беларусь. Паведамляецца, што ён прыехаў у Беларусь каля 10 гадоў таму і працуе па заданні на адным з прадпрыемстваў Мінскай вобласці.

Свае дзеянні Анціпаў засняў на тэлефон і выклаў фота на старонцы ў сацсетцы.

* * *

Справа былой журналісткі Ларысы Шчыраковай накіравана ў суд. Праваабаронцам сталі вядомы некаторыя дэталі. Па матэрыялах следства, гамяльчанка «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную сацыяльную абстаноўку і спрабуючы дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя мэсэнджары і акаўнты ў сацыяльных сетках падавала і размяшчала ў сеціве Інтэрнэт інфармацыйныя матэрыялы, у тым ліку дэструктыўнага характару, з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытуюць РБ».

* * *

Выкладчыцу Наталлю Дуліну перавялі ў гомельскую калонію, вядомую сваім жорсткім стаўленнем да палітзняволеных жанчын. У сакавіку былому дацэнту Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта вынеслі прысуд — 3,5 гады калоніі. Яе абвінавачвалі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.

* * *


* * *

Палітвязень Андрэй Сцепаненка выйшаў на волю. Ён атрымаў 1,5 года калоніі за «абразу Лукашэнкі». Згодна з матэрыяламі справы, ён напісаў у адным з чатаў: «…Я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэйшы, важнейшы за кагосьці там вусатага…».

Яго затрымалі ў лютым 2022 года, калі ён прымаў удзел у спаборніцтвах па шматбор’і. На ўваходзе ў спартыўную залу КДБ ахоўнік убачыў на заплечніку значок з «Пагоняй» і выклікаў міліцыю. Тыя агледзелі рэчы, а таксама тэлефон і ў адным з чатаў знайшлі гэта паведамленне.

Тэрмін Сцепаненка адбываў у бабруйскай калоніі №2, адкуль сёння выйшаў на волю. У калоніі яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. У зняволенні палітвязень адбыў 1 год, 4 месяцы і 24 дні.

* * *

Палітзняволенага «рэйкавага партызана» Дзяніса Дзікуна ў калоніі ўтрымліваюць у ШІЗА. У калоніі Дзяніс знаходзіцца з канца красавіка. Дзяніса змясцілі ў ШІЗА адразу пасля прыбыцця ва ўстанову. Пасля заканчэння тэрміну яго перавялі ў атрад, але праз дзень-два яго зноў адправілі ў штрафны ізалятар, дзе палітвязень знаходзіцца да гэтага часу.

* * *

Гродзенскую актывістку польскага руху Анжаліку Арэхву не выпусцілі з Беларусі, паставіўшы ў пашпарт адпаведны штамп. «Пра прычыну сказалі даведацца ў РАУС. Такая беларуская рэальнасць у 2023 годзе», — напісала Арэхва ў фэйсбуку і апублікавала фота штампа ў пашпарце.

Анжаліка Арэхва — колішняя актывістка непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі і былая жонка музыкі Ігара Банцара. У 2022 годзе яе судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула аб распаўсюджанні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

* * *

Супраць палітвязня Алега Яфрэменкі завялі трэцюю крымінальную справу — зноў па ч.1 арт. 411 КК. У хуткім часе над палітвязнем адбудзецца суд. 15 жніўня мінулага года ў судзе Ленінскага раёна Магілёва Алегу Яфрэменку прысудзілі ў дадатак да ранейшых чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. Яго абвінавацілі па ч.1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым.

З 18 лістапада Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі №9. Але, па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўвесь час цісне на Алега, і новы суд над ім стаў вынікам менавіта гэтага.