Фрыдман: Відаць, Бабарыку паказаць проста не могуць — не той стан

Замоўчваць, не рэагаваць — стандартная тактыка рэжыму. Поўная ізаляцыя ўсіх палітвязняў можа рабіцца дзеля таго, каб не прыцягваць увагу да Бабарыкі, лічыць палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Фота VALERY SHARIFULIN/TASS

Фота VALERY SHARIFULIN/TASS

Віктар Бабарыка мог пераснесці інсульт. Палітвязні наваполацкай калоніі, дзе палітык адбываў 14-гадовы тэрмін зняволення, кажуць, што палітвязень перанёс інсульт. Цяпер Віктар Бабарыка можа знаходзіцца ў такім стане, што паказаць яго проста немагчыма.

У ноч з 24 на 25 красавіка яго шпіталізавалі ў бальніцу Наваполацка са зламаным рабром і прабітым лёгкім.

12 траўня з’явілася інфармацыя, што Бабарыка больш не прыпісаны да свайго атрада ў наваполацкай калоніі, а затым пайшла гуляць інфармацыя, што яго нібыта перавялі ў турэмную бальніцу пры СІЗА-1 у Мінску.

17 траўня адбылося масавае затрыманне медыкаў у Цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка — акурат той, куды даставілі былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта і адкуль падпольны «Рабочы рух» атрымаў інфармацыю пра яго шпіталізацыю. Многім медыкам далі ад 10 да 15 сутак.

Як бы там ні было, з таго часу – ужо два месяцы – пра Віктару Бабарыку няма ніякай інфармацыі.

Пра што гэта сведчыць?



Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман выказаў сваё меркаванне.

— Магчымыя два варыянты тлумачэння. Адно з іх — рэжым робіць гэта адмыслова, каб катаваць сваякоў Віктара Бабарыкі і ўсіх тых, хто чакае любой інфармацыі пра яго: думайце, што хочаце, гаварыце, што хочаце, але мы вам яго не пакажам. Гэта дадатковы здзек — і з Бабарыкі, які знаходзіцца ў ізаляцыі, і здзек з тых, хто чакае інфармацыі пра яго. І адначасова падвышэнне ставак: маўляў, глядзіце, як усё дрэнна, дык шукайце магчымасцяў дамаўляцца з Лукашэнкам. Я б назваў гэта стратэгічным абгрунтаваннем: сітуацыю пралічылі, таму спрабуюць дзейнічаць на апярэджанне, і з гэтай мэтай распускаюцца чуткі.

Але гэтая версія мне падаецца звышскладанай для беларускіх уладаў: такіх складаных камбінацый там звычайна не разыгрываюць і наперад асабліва не ўглядваюцца. Думаю, усё выглядае больш банальна і проста. Вельмі хочацца памыляцца, але баюся, што Бабарыка знаходзіцца ў такім стане, што паказаць яго проста немагчыма. З ім нешта адбылося, якім чынам — ніхто не ведае: збівалі ці не збівалі, катавалі ці не катавалі? Але ён знаходзіцца ў такім стане, што нават паказ Бабарыкі не здолее нічога абвергнуць.

З аднаго боку, Лукашэнку нявыгадна, каб з Бабарыкам нешта адбылося: гэта палітвязень класа premium, за яго можна атрымаць асаблівыя дывідэнды. Лукашэнку напляваць на свой прэстыж, яго не хвалюе, што гэта адбылося за кратамі, але прыкрым для яго можа стаць тая акалічнасць, што з-за гэтай гісторыі ён страчвае чалавека, за якога можна многае выгандляваць у будучыні. Відаць, Бабарыку паказаць проста не могуць — не той стан. Таму яны і вырашылі замоўчваць гэтую гісторыю. Замоўчваць, не рэагаваць — стандартная тактыка рэжыму.


Прапагандысты не маюць самастойнасці ў такіх пытаннях. Калі з’яўляліся чуткі наконт стану Бабарыкі, прапаганда рэагавала прыкладна аднолькава: вы не верыце, што з Бабарыкам адбылося, дык і беларусам усё роўна – ніхто з дзяржаўнага боку пакуль не спрабаваў абвергнуць найгоршы сцэнар, што з Бабарыкам нешта адбылося.

Вы жадаеце ведаць, што з Бабарыкам? Сядзіць і сядзіць, не будзе вам ніякіх адказаў, гэтая тэма нікога не цікавіць. Яны нават не паспрабавалі зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні: мы вам не паказваем Бабарыку, але з ім усё нармальна.

Я не выключае, што адсутнасць навінаў пра іншых палітвязняў тлумачыцца нежаданнем рэжыму рабіць выпадак Бабарыкі выключэннем. Таму, як мы бачым, тактыка поўнай ізаляцыі ўжываецца і супраць Статкевіча, і супраць Ціханоўскага, супраць Лосіка, проста каб не ўзнікала пытанняў: чаму ад Статкевіча прыходзяць лісты, а ад Бабарыкі няма ніякіх звестак? Каб нікому не прыйшло ў галаву, што кейс Бабарыкі асаблівы.

Праблема з Бабарыкам яшчэ і ў тым, што ён на Захадзе фактычна не вядомы. Ціханоўскі вядомы як муж Святланы, таму калі б ім нешта здарылася, то гэта адразу б падхапіла б заходняя прэса, бо ёсць Ціханоўская. Калеснікава вельмі вядомая ў нямецкамоўнай прасторы – значыць, адразу пайшлі б публікацыі пра яе.

А ў выпадку з Бабарыкам няма пазнавальнасці: на Захадзе пра Бабарыку не даведаліся, бо ён сышоў з дыстанцыі яшчэ да таго, як на Захадзе звярнулі ўвагу на Беларусь. Так, пра яго пісалі, але ён не вядомы для заходняй публікі; заходняй прэсе пра яго цяжка пісаць, бо трэба шмат тлумачыць – гэта грае на руку беларускім уладам.

Тэма Бабарыкі ўзнікае ў заходняй медыйнай прасторы і знікае. Пакуль рэжыму ўдавалася перасядзець гэтую тэму. Зараз ідзе новая хваля: гаворка ідзе пра яшчэ горшы сцэнар, бо да зламанага рабра дадаўся і інсульт, — але, мне падаецца, улады не збіраюцца мяняць тактыку. Цяпер лета, таму цікавасць да палітычных падзеяў не вельмі высокая. А ў кантэксце вайны ва Украіне, украінскага контрнаступу — гэта тэма і ўвогуле адыходзіць на другі, трэці план.