Хронікі рэпрэсій. Ачомаліся праз месяц: улады прызналі «экстрэмісцкім» марафон салідарнасці з палітвязнямі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 31 жніўня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg

Суд Цэнтральнага раёна Мінска вырашыў прызнаць экстрэмісцкімі матэрыяламі відэазапісы з анлайн-марафону салідарнасці «Нам не ўсё роўна!». Нагадаем, марафон стартаваў 29 ліпеня. Яго трансляцыя ішла на многіх незалежных YouTube-каналах. За першы дзень удалося сабраць больш за 387 тысяч еўра, а да канца другога сума сабраных грошай пераваліла за 570 тысяч.

Гэтыя сродкі будуць размеркаваны паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням і іх родным.

Таксама «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Telegram-каналы «Новая Жизнь Минск / New Life Church Minsk», «Будзьма беларусамі!», «ЧАТ Беларусы ў Ізраілі», «FREEINFOBEL»;
  • Сайт і сацсеткі праекта «Штодзень»;
  • Старонкі ў Facebook «Церковь «Новая Жизнь», «Budzma Belarusami»;
  • Суполка ва «УКантакце» «Беларусь. Экономика и политика (MorningDope)»;
  • TikTok-старонкі «Belorussian mapper», «VERDIKT», «бчбандеровка».

* * *

У Свіслачы сілавікі з прыцягненнем АМАПа на працы затрымалі за каментары супрацоўніка лясгаса. Інфармацыя пра затрыманне жыхара Свіслачы з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Мужчыну абвінавацілі ў напісанні каментароў, якія змяшчаюць «пагрозы, абразы, заклікі да гвалту і беспарадкаў».

«Напісаў больш за чатыры тысячы каментароў, заклікаў да псавання маёмасці супрацоўнікаў міліцыі, негатыўна выказваўся ў адрас кіраўніцтва краіны», — пералічыў затрыманы свае «правіны» на камеру.

* * *

Суд Зэльвенскага раёна 31 жніўня 2023 года прызнаў бізнесоўца Віктара Ламеку вінаватым у паклёпе і абразе Лукашэнкі (арт.367 і арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Затрымалі мужчыну 29 сакавіка 2023 года.

На відэа, якое апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, відаць, што ён не аказваў супраціву, пры гэтым, паводле інфармацыі Mayday team, спачатку сілавікі моцна збілі мужчыну ў мікрааўтобусе, а затым супрацоўнікі 9-га ўпраўлення ГУБУЗІКа працягнулі збіццё ў будынку ведамства. Пры гэтым у Ламекі вельмі моцна пацярпела нага.

Першапачаткова на Ламеку склалі пратакол па 19.11 КаАП РБ і аштрафавалі. Не даўшы мужчыну нават пакінуць будынак суда, сілавікі зноў затрымалі яго. Пасля другога суда па адміністрацыйнай справе Ламеку адправілі ў следчы ізалятар.

Калі прадпрымальнік ужо знаходзіўся ў СІЗА, стала вядома, што памерла яго маці.

* * *

Жыхара Жлобіна Кірыла Камарова затрымалі ў канцы снежня 2022 года падчас хапуну ў Жлобіне. Разам з ім тады затрымалі не менш за пяць чалавек.

У судзе Жлобінскага раёна 16 лютага 2023 года Кірыла асудзілі па ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Святлана Андрэева прызначыла Кірылу два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. «Сумесна з іншымі людзьмі стаялі ў счэпцы, усе пляскалі ў ладкі, гучна крычалі, выкрыквалі розныя лозунгі», паведамляецца ў судовай пастанове.

На мітынгу міліцыянты адціснулі Кірыла металічным шчытом і рассеклі да крыві галаву гумовай дубінкай.

* * *

Хлопца, які прыйшоў у міліцыю даць справаздачу за пераробленую «няправільную» татуіроўку, затрымалі за «няправільную» куртку. Як паведаміў праўладны тэлеграм-канал, хлопца (імя яго не вядома) ужо затрымлівалі і арыштоўвалі за татуіроўку, прызнаную ў Беларусі «экстрэмісцкай». Калі ж ён з'явіўся ў міліцыю паказаць, што перарабіў яе, маладога чалавека зноў затрымалі. На гэты раз з-за курткі.

Гэта звычайная фірмовая куртка Ellesse з белымі і чырвонымі стужкамі — такія прадаюцца амаль у любым Мінскім сэканд-хэндзе. Паведамляецца, што за куртку хлопец атрымаў 15 сутак арышту.

* * *

КДБ дадаў 14 чалавек у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Сярод іх палітолаг Валерыя Касцюгова, сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa Таццяна Кузіна і навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Аляксандр Кандрацюк. Цяпер у пераліку 1089 чалавека.

* * *

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд былой журналістцы, краязнаўцу і фатографуЛарысе Шчыраковай, якую прызналі вінаватай у «дыскрэдытацыі Беларусі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Ёй прызначылі 3,5 гады калоніі і штраф.

Паводле версіі пракуратуры, Ларыса Шчыракова са жніўня 2020 года да снежня 2022 года выкладвала ў сеціве, «у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Паводле абвінавачвання, яна перадавала інфармацыю «з мэтай забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фарміравання «Белсат».

* * *

Суд Ленінскага раёна Берасця 29 жніўня разгледзеў адміністрацыйную справу Іны Калацкай, маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача. Жанчыне прад'явілі «непадпарадкаванне» сілавікам па артыкуле 24.3 КаАП і прысудзілі штраф (яго памер не ўдакладняецца).

Ціхан Клюкач адседзеў за ўдзел у пратэстах паўтара года. На волю ён выйшаў у сакавіку 2022 года, пасля чаго пакінуў Беларусь. У траўні 2022 года Ціхан заявіў, што далучыўся да ваюючага на баку Украіны палка Кастуся Каліноўскага, але пазней пакінуў шэрагі фарміравання.

* * *

У Гродне затрымалі намесніка дырэктара крамы «Кліматмайстар». Відэа з затрыманнем мужчыны з'явілася на блізкім да сілавікоў мясцовым гродзенскім канале. Згодна з сацсеткамі, мужчыну завуць Аляксандр Клімец. На відэа Клімец па-беларуску расказвае, што зарэгістраваўся ў боце плана «Перамога» дзеля таго, маўляў, каб паглядзець, што гэты план з сябе ўяўляе.

Дзе цяпер знаходзіцца Клімец і па якім артыкуле быў затрыманы — невядома.