Хронікі рэпрэсій за 12 чэрвеня: Міліцыя прыйшла на майстар-клас па ігры на барабанах

Леаніда Судаленку завочна судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Сківічна-тваравага хірурга Алену Церашкову збіраюцца судзіць паводле крымінальнага артыкула аб грубым парушэнні парадку. Былых чыноўнікаў судзяць за хабары і здраду дзяржаве. Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Праваабаронцу завочна судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

У Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня пачынаецца завочны суд над былым палітвязням, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Новая крымінальная справа ў фармаце спецвытворчасці была распачата ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавачваюць па частках 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў.

Леанід Судаленка — вядомы праваабаронца і юрыст, з’яўляўся кіраўніком Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён пакінуў Беларусь і адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на хутчэйшае вызваленне беларускіх палітвязняў.

  • Міліцыя і чыноўнікі з Мінкульта прыйшлі на майстар-клас па ігры на барабанах

Чыноўнікі з Міністэрства культуры, Міністэрства падаткаў і збораў, а таксама сілавікі прыйшлі ў складзе «працоўнай групы» з праверкай на музычны майстар-клас у адну з мінскіх арт-студый, піша mediazonaby.com. Справаздачу аб праведзенай працы ў тэлеграм-канале Мінкульта заўважыў Reform.news. 

Падставай для праверкі стала інфармацыя аб тым, што замест майстар-класа па навучанню ігры на розных музычных інструментах («ад афрыканскіх барабанаў да тыбецкіх спяваючых чараў», як было сказана ў абвестцы) у студыі праводзіцца канцэрт калектыву Yankand band і майстры танца Асі Жых. 

Згодна з абноўленым у 2023 годзе патрабаванням да арганізатараў мерапрыемстваў, выступленні любых калектываў павінны быць узгоднены з мясцовымі ўладамі. Выступ жа Yankand band і Асі Жых не былі ўзгодненыя. 

У выніку, як піша Мінкульт, у дачыненні да кіраўнікоў арганізацыі складзены пратакол аб парушэнні заканадаўства ў частцы арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і іншых правапарушэнняў.

  • Двух топ-чыноўнікаў з Мінфіна і Мінтранса судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»?
top_czynouniki_i_zdrada_dzjarzave.jpg

Суд над Андрэем Івановым і Аляксандрам Карзюком у закрытым рэжыме пачаўся 27 траўня ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Сяргей Кацэр. Чарговае пасяджэнне па справе адбывалася сёння.

Акрамя «атрымання хабару ў буйным і асабліва буйным памерах» (ч. 2 і ч. 3 арт. 430 КК) абодвух мужчын судзяць па ч. 2 арт. 356 КК («здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча»). Сутнасць абвінавачання невядомая.

Як пісала «Наша Ніва», іх ініцыялы цалкам супадаюць з імёнамі колішніх беларускіх топ-чыноўнікаў. Іваноў да 2020-га займаў пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый, а Карзюк да нядаўняга часу ўзначальваў упраўленне фінансаў ЖКГ, транспарту і сувязі Міністэрства фінансаў.

  • Былога БРСМаўца, які ў 2020-м дапамагаў сілавікам патруляваць вуліцы, будуць судзіць за «здраду дзяржаве»
uladzimir_cjuhaj_brsm.jpg

21 чэрвеня ў Мінгарсудзе пачнуць разглядаць справу ў дачыненні да Уладзіміра Цюхая. Былому функцыянеру БРСМ і Кампартыі інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і ч. 2 арт. 288 КК («Прымус асобы да ўдзелу ў злачыннай дзейнасці з прымяненнем гвалту або знішчэннем маёмасці»). Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Як пісала «Наша Ніва», першую вядомасць Цюхай атрымаў у 2008-м. Тады ён быў сакратаром мінскай кампартыі і супрацоўнікам БРСМ. Дзеля таго, каб сваякі і паплечнікі палітвязня Аляксандра Баразенкі не маглі прайсці на суд, ён цалкам забіў залу студэнтамі мінскіх ВНУ. У адказ на абурэнне маці палітвязня ён штурхнуў яе.

Падзеі 19 снежня 2010 ён назваў «правакацыяй п'яных малойчыкаў, якіх вялі палітычныя банкруты». Разгон Плошчы і рэпрэсіі, якія адбыліся пасля, Цюхай горача падтрымаў. У 2020-м мужчына дапамагаў міліцыі патруляваць вуліцы, каб лавіць пратэстоўцаў.

  • За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрыманы жыхар Салігорска

Сілавікі таксама сцвярджаюць, што затрыманы быў адміністратарам «экстрэмісцкага чату» — на «палонным відэа» хлопец кажа, што раней яму перадалі права адміністратара ў салігорскім чаце.

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што салігорац «затрыманы па крымінальнай справе і яму пагражае 5 гадоў пазбаўлення волі».

  • Жорстае затрыманне за каментары
za_kamentary.jpg

За каментары ў падтрымку Украіны і пра расійскіх вайскоўцаў жорстка затрыманы жыхар Магілёва

Відэа з затрыманнем мужчыны апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

  • Хірурга Алену Церашкову будуць судзіць па крымінальным артыкуле 

Алену Церашкову, сківічна-тваравага хірурга і сястру актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага будуць судзіць паводле крымінальнага артыкула аб грубым парушэнні парадку (артыкул 342 КК), гэта вынікае з раскладу судоў. 

Справу Алены ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска 19 чэрвеня будзе разглядаць суддзя Юльяна Шчэрба. 

Пра затрыманне Алены Церашковай стала вядома ў траўні 2024 года. Сілавікі апублікавалі відэа з ёй. У роліку затрыманая казала, што «хадзіла па праезнай частцы і выкарыстоўвала незарэгістраваную сімволіку».