Грамадзяне прапануюць адкрыць бюджэт Мінска для народа

Каманда праекта «Кошт урада» прапанавала Мінскаму гарвыканкаму і Міністэрству фінансаў размяшчаць у адкрытым доступе квартальныя або штомесячныя справаздачы аб выкананні бюджэту сталіцы, пачынаючы з 1 студзеня 2016 года.



122668544_getimage_3_.jpg

фота aleksstah.livejournal.com

Адпаведны зварот бліжэйшым часам плануецца накіраваць у гэтыя дзве дзяржаўныя структуры. У звароце, у прыватнасці гаворыцца: «Гадавая справаздача аб выкананні бюджэту г. Мінска зацвярджаецца рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 124 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якое потым размяшчаецца ў прававых базах. Аднак грамадзяне ў цяперашні час не маюць магчымасці прасачыць штомесячнае або штоквартальнае выкананне бюджэта сталіцы».

Размяшчэнне гэтай інфармацыі ў адкрытым доступе дазволіла б грамадзянам, у першую чаргу, жыхарам Мінска, зразумець, якія ў яго галоўныя крыніцы бюджэту, колькі грашовых сродкаў накіроўваецца на фінансаванне першачарговых выдаткаў — выплату заработнай платы, аплату лекавых сродкаў, жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі і г.д.

Аўтары петыцыі зазначаюць: заканадаўча інфармацыя аб выкананні бюджэта горада Мінска не з’яўляецца канфідэнцыяльнай, “Таму просім забяспечыць штомесячнае або паквартальнае з’яўленне дадзенай інфармацыі на сайце Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь», — прапануюць яны.

Уладзімір Кавалкін, кіраўнік каманды «Кошт Урада”, адзначае: “Бюджэт Мінска з’яўляецца абсалютным донарам для агульнага «гаманца» краіны. У прыватнасці, у 2015-м годзе з мінскага бюджэту ў рэспубліканскі плануецца трансферт ў аб'ёме 7,4 трлн. рублёў. Мы просім Мінфін і Мінгарвыканкам пайсці насустрэч грамадзянам і ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам рэгулярна інфармаваць людзей пра стан бюджэта горада”.

Па ягоных словах, доля мясцовых бюджэтаў у агульным (кансалідаваным) бюджэце краіны складае каля 40%. Пры гэтым інфармацыя аб іх даходах і выдатках за рэдкім выключэннем не публікуецца.

Штогод Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў зацвярджае бюджэт горада Мінска. У дадзеным рашэнні ўсталёўваюцца: гранічны памер дэфіцыту бюджэту горада Мінска; даходы і выдаткі інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама; размеркаванне бюджэтных прызначэнняў па распарадчыкам бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з ведамаснай класіфікацыяй расходаў бюджэту горада Мінска і функцыянальнай класіфікацыяй расходаў па раздзелах, падраздзелах і відах; выдаткі бюджэта Мінска па бюджэтных каштарысах адміністрацый раёнаў у горадзе Мінску па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту па раздзелах, падраздзелах і відах расходаў; пералік бюджэтных праграм, фінансаванне якіх прадугледжваецца за кошт сродкаў бюджэту горада Мінска.

Справаздача аб выкананні бюджэта сталіцы прадстаўляецца дакладна ў такім жа выглядзе.