Генпракуратура праверыць законнасць дзеянняў міліцыі

Генеральная пракуратура Беларусі праверыць законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі пасля "Маршу недармаедаў" у Мінску 15 сакавіка, калі на тое будуць падставы.

pratest_3_1.jpg

Пра гэта 17 сакавіка заявіў журналістам генпракурор Аляксандр Канюк.
Ён сказаў, што заяў у пракуратуру на дзеянні міліцыянераў не паступала, і не будзе каментаваць тое, што адбылося, грунтуючыся выключна на паведамленнях сродкаў масавай інфармацыі. "Калі будуць падставы, калі будзе заява, то Генпракуратура правядзе праверку", — зазначыў Канюк.
Паводле яго слоў, неабходна "выслухаць і іншы бок".
Пры гэтым генпракурор падкрэсліў, што заканадаўствам забаронена ўдзельнікам акцый закрываць твары.
Нагадаем, пасля акцыі "Марш недармаедаў" у Мінску 15 сакавіка было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. На наступны дзень большасць з іх судамі была прыгавораная да адміністрацыйных арыштаў на тэрмін ад 12 да 15 сутак.
Учора дзеянні міліцыі падчас акцыі пракаментаваў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў (УІГС) МУС Георгій Яўчар.
"Падчас акцыі асобныя грамадзяне груба парушылі закон аб масавых мерапрыемствах, які забараняе хаваць твары пад маскамі, — сказаў прадстаўнік МУС. — Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі аб супрацьпраўнасці дзеянняў, аднак грамадзяне праігнаравалі законныя патрабаванні — альбо зняць маскі, альбо пакінуць мерапрыемства".
Паводле слоў намесніка начальніка УІГС МУС, "з мэтай высвятлення асобаў, а таксама магчымага дачынення да іншых правапарушэнняў было вырашана правесці затрыманне". "Затрыманне праводзілася ў грамадскім транспарце, бо была верагоднасць таго, што правапарушальнікі могуць уцячы. Падчас затрымання грамадзяне аказалі супраціўленне, адзін супрацоўнік міліцыі атрымаў траўмы і цяпер знаходзіцца на лячэнні ў шпіталі", — паведаміў Яўчар.
БелаПАН