Генпракуратура працягвае захады, каб прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім

 Генпракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед заявіў аб падрыхтоўцы звароту ў суд дзеля прызнання нацыянальнага сцягу «экстрэмісцкім», піша «Свабода».

«Марш міру» ў Мінску 30 жніўня 2020 года ў Мінску. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Марш міру» ў Мінску 30 жніўня 2020 года ў Мінску. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед паведаміў БелТА, што яго ведамства сабрала новыя пацверджанні таму, што бел-чырвона-белую сімволіку нібыта выкарыстоўвалі падчас Другой сусветнай вайны карныя батальёны як абавязковы элемент уніформы.
«Мы завяршаем рыхтаваць матэрыялы для звароту ў Вярхоўны суд з мэтай прызнання гэтага палатна экстрэмісцкай сімволікай», — праінфармаваў кіраўнік Генеральнай пракуратуры.
Паводле слоў Андрэя Шведа, у Беларусі выяўлена больш за 100 новых месцаў масавых пахаванняў, у некаторых ляжаць 15-20 тысяч беларускіх грамадзян.
«Намі дапытана больш за 4 тысячы сведак, выяўленыя прозвішчы больш за 400 карнікаў, якія жывуць у 13 краінах. Праца ў гэтым кірунку актыўна працягваецца сумесна са Следчым камітэтам, органамі ўнутраных спраў», — падсумаваў чыноўнік.
Ён таксама адзначыў, што страты ад нацысцкай акупацыі Беларусі ацэньваюцца прынамсі ў 500 мільярдаў долараў. Па факце генацыду беларускага народа была распачатая крымінальная справа.