"Гавары праўду” прапаноўвае Мінкульту абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР
Грамадзянская кампанія "Гавары праўду" звярнулася да Міністэрства культуры з прапановай зняць мастацкі тэлевізійны серыял пра БНР і абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР.
Фота з сайта www.racyja.com
"Сёння — чарговая гадавіна ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. За апошнія гады ўвага да гэтай знакавай у гісторыі беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці падзеі непараўнальна павысілася, але яе па-ранейшаму мала як на грамадскім, так і дзяржаўным узроўні", — адзначаецца ў звароце.
Таксама ў сувязі з тым, што праз два гады Беларусь будзе адзначаць 100-годдзе БНР, "Гавары праўду" лічыць своечасовым ужо зараз распачаць працу над мастацкім тэлесерыялам пра
тыя гістарычныя падзеі. "Яны сталіся новым важным крокам у адбудове беларускай незалежнасці, утварэнні беларускай дзяржавы і ўрэшце сённяшняй Рэспублікі Беларусь", —
гаворыцца ў звароце.
У цяперашніх палітычных варунках вельмі важна, лічаць у "Гавары праўду", паказаць, што "нашыя свабода, незалежнасць, дзяржаўнасць — зусім не шчаслівы выпадковы падарунак лёсу, а вынік векавога змагання цэлых радаводаў, многіх пакаленняў, тысяч і тысяч патрыётаў за беларускую будучыню".
Гэты мастацкі серыял паспрыяе не проста годнаму ўшанаванню 100-годдзя БНР, але і таму, каб нацыянальнае свята стала сапраўды ўсенародным, лічаць у арганізацыі.
Таксама "Гавары праўду" прапаноўвае Міністэрству культуры выступіць з ініцыятывай абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН