Гары Паганяйла: Суіцыднікі канспірацыяй не займаюцца

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла не верыць у версію гібелі магілёўскага ДАІшніка, якую агучыў Следчы камітэт.

5_gari_1.jpg

Нагадаем, што, па версіі Следчага камітэта, супрацоўнік ДАІ з Магілёва, які быў знойдзены мёртвым з агнястрэльным раненнем, закончыў жыццё самагубствам.

Гары Паганяйла растлумачыў “Радыё Рацыя” сваю пазіцыю:

— Не веру, што ў гэтай сітуацыі быў суіцыд, і да таго ж да заканчэння следства такія версіі наогул не варта агалошваць. Калі ў следчых ёсць падчас пошукавых дзеянняў нейкія спецыфічныя матывы, каб запусціць у масы такую версію, то гэта адна справа. Але для грамадскасці і блізкіх загінулага міліцыянера такія заявы да таго, як у справе паставілі канчатковую кропку, непрымальныя.

— Многія абмяркоўваюць гэтую гучную справу і адзначаюць, што тут шмат несупадзенняў і пытанняў да следства. Як вам падаецца?

— Гісторыя насамрэч цёмная. Малады чалавек вырашыў закончыць жыццё самагубствам, але пры гэтым, каб усе думалі, што загінуў пры гераічных абставінах? Каб следчыя больш пабегалі? І хлопец здымае штаны, паліць іх, вязе дровы ў лес, закоўвае сябе ў кайданкі, пасля чаго страляе ў сябе. Замест таго, каб проста намыліць вяроўку і павесіцца. Навошта тады наогул было ў лес ехаць?

Як правіла, асобы, якія маюць намер развітацца з жыццём, такой канспірацыяй не займаюцца.

— Але кажуць, што хлопец і раней меў схільнасці да суіцыду…

— Калі ён меў такія схільнасці, то чаму да гэтага часу працаваў у міліцыі? Чаму ў такім выпадку псіхічна нездаровы чалавек насіў зброю? Тады патрэбна, каб паляцелі зоркі ў высокіх міліцэйскіх чыноўнікаў. Але, паўтаруся, мала хто паверыць у версію суіцыду. У гэтай гісторыі шмат незразумелага, і я не ўпэўнены, што мы нават з часам даведаемся ўсю праўду.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя