«Хартыя-97» прызнаны экстрэмісцкім тэлеграм-каналам
Пра гэта піша «Свабода».
Канал з'явіўся ў пераліку экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваным на сайце Міністэрства інфармацыі.
Рашэнне аб прызнанні канала экстрэмісцкім прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 16 ліпеня.
У той жа дзень гэты суд прызнаў экстрэмісцкімі тэлеграм-канал і YouTube-канал «Рудабельская паказуха», а таксама тэлеграм-канал «Буслы ляцяць» і тэлеграм-чат «Буслы ляцяць Chat». Таксама 16 ліпеня суд Мінскага раёна прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-чат «Новая Баравая 98%».
Сайт «Хартыі-97» заблакавалі ў Беларусі яшчэ ў 2019 годзе.
Тое, што цяперашнія ўлады Беларусі прызналі тэлеграм-канал «Хартыі» экстрэмісцкім, яго галоўная рэдактарка Наталля Радзіна лічыць за гонар: «Мяне раней з рознымі прэміямі і ўзнагародамі менш людзей віншавала, чым сёння», — напісала яна ў Фэйсбуку.
Сайт «Хартыя-97» быў створаны ў 1997 годзе. Яго стваральніка і кіраўніка, журналіста Алега Бябеніна знайшлі павешаным у верасні 2010 года. Абставіны яго смерці застаюцца нявысветленымі.
Наталлю Радзіну, якая змяніла Бябеніна на пасадзе рэдактара «Хартыі», арыштавалі ў ноч на 20 снежня 2010 года, яна правяла паўтара месяца ў СІЗА КДБ, пасля чаго яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яна ўцякла з-пад нагляду спецслужб, таемна пакінула краіну і працягнула рэдагаваць сайт «Хартыя-97» з-за мяжы. У апошнія гады актыўна працаваў і тэлеграм-канал «Хартыі».