Гарадзенцы з сімптомамі каронавірусу адмовілі ў тэсце на Covid-19

Захварэла і дзеяла, як просіць Мінздароўя, але двойчы атрымала адмову ў тэставанні на каронавірус. Гарадзенская сям’я ананімна распавяла Belsat.eu як у Горадні абследуюць хворых.

ebr4j6xw.jpg

30 сакавіка гарадзенка 1966 года нараджэння (згодна з просьбаю імя жанчыны не публікуем), пачуваючы сябе кепска, звярнулася ў гарадскую паліклініку №7 з просьбаю выклікаць участковага лекара на дом.
«Цешча хварэе ўжо некалькі дзён, у яе павышаная тэмпература, у яе баліць горла і адчуваецца агульнае недамаганне, таму яна звярнулася па дапамогу ў паліклініку. Калі яна туды патэлефанавала і расказала пра свае сімптомы, ёй адразу паставілі дыягназ праз слухаўку, што ў яе ВРВЗ». – распавядае падрабязнасці зяць жанчыны – Мечыслаў.

Скрыншот са старонкі Гарадзенскай паліклінікі №7

Скрыншот са старонкі Гарадзенскай паліклінікі №7

Сям’я занепакоілася, бо падобныя сімптомы могуць праяўляцца ў хворых на каронавірус. Праз настойлівасць усё ж удалося выклікаць участковую медработніцу.
«Нават не агледзеўшы пацыентку, не праслухаўшы лёгкія, дыханне, не заглядаючы ў горла, яна з парогу заявіла, што дыягназ хворай ВРВЗ і на ўсе просьбы зрабіць аналіз на Covid–19 цешча атрымала адмову», – разводзіць рукамі Мечыслаў.
Жанчына з павышанаю тэмпературай вымушаная самастойна ісці ў паліклініку дзеля здачы біялагічных аналізаў. Хаця ў новай эпідэміялагічнай сітуацыі адміністрацыя гарадзенскай гарадской паліклінікі №7 настойліва прасіла не наведваць медустанову дзеля бяспекі пацыента і абавязвалася аказваць меддапамогу на даму.