Лукашэнка заявіў, што не рабіў тэст на каронавірус
Аляксандр Лукашэнка не рабіў тэст на каронавірус. Пра гэта ён заявіў падчас працоўнай сустрэчы з Наталляй Качанавай, паведамляе Еўрарадыё.
![Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by](/img/v1/images/luka_3103_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Кіраўнік Беларусі выступіў супраць ізаляцыі людзей дома падчас эпідэміі.
«Зачыняць у гэтых тухлых кватэрах — гэта не метад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах», — перадае яго словы прэс-служба. Лукашэнка заявіў, што падчас ВРВІ і грыпу трэба выходзіць на вуліцу, дыхаць свежым паветрам, праветрываць памяшканне.
Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што ніхто не ведае, ці застаюцца здаровымі людзі, ізаляваныя ў сваіх дамах і кватэрах. Бо яны могуць заразіцца чымсьці яшчэ, акрамя каронавіруса. У зачыненай кватэры людзі знаходзяцца ў атмасферы вірусаў, кажа ён, а потым занадта позна трапляюць на лячэнне. «Таму я не разумею тых, хто сёння раіць ізаляваць, зачыніць, перакрыць», — падкрэсліў Лукашэнка.
Пры гэтым ён прызнаўся, што сам тэст на каронавірус не праходзіў: «Я не рабіў тэст. І я не ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не».
Раней кіраўнік Беларусі заяўляў, што найлепшыя антывірусныя лекі — гэта лёд і лядоўня. Перад тым такімі лекамі ён называў саўну і невялікую штодзённую дозу алкаголю.