Хапун у Ваўкавыску: Сілавікі адсправаздачыліся пра тыдзень затрыманняў
Падчас аблавы ў Ваўкавыску, якая працягвалася з 25 верасня па 1 кастрычніка, былі затрыманы як мінімум шэсць чалавек. Пра гэта паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Сілавікі назвалі рэйд «спецыяльным комплексным мерапрыемствам «Правапарадак». Затрыманні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК разам з байцамі АМАП, піша «Люстэрка».
Мяркуючы па апублікаваных «палонных» відэа, затрыманы былі як мінімум шэсць чалавек. Ім ставіцца ў віну распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Паводле ж падлікаў «Еўрарадыё», за тыдзень у горадзе сілавікі затрымалі як мінімум 12 чалавек.
Раней набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал ужо двойчы паведамляў пра затрыманні ў Ваўкавыску. У абодвух выпадках былі затрыманы мінімум па чатыры чалавекі.
Як адзначаў раней «НЧ», сілавікі публікавалі відэа, дзе паказваліся жорсткія дзеянні — людзей укладвалі тварам у зямлю і з заламанымі за спінай рукамі вялі ў мясцовае РУУС. У «палонных» відэа людзей прымусілі прызнацца ў распаўсюджанні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а таксама ў рэгістрацыі ў чат-боце «Перамога».
Праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што сярод затрыманых аказаліся два супрацоўнікі «Белакта», а таксама намеснік галоўнага лекара санаторыя «Пралеска» Андрэй Тарасевіч. На відэа ён кажа, што затрыманы за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у чат-боце плана «Перамога». Яшчэ адзін жыхар Ваўкавыска (мяркуючы па сацыяльных сетках, яго завуць Дзяніс Артыстаў) на відэа таксама казаў, што сілавікі затрымалі яго за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Праваабаронцы паведамлялі, што, меркавана, «хапун» у Ваўкавыскім раёне пачаўся пасля таго, як падчас аднаго з побытавых выклікаў (не звязаных з палітыкай) быў збіты супрацоўнік міліцыі. Нібыта пасля гэтага ў Ваўкавыск накіравалі сілавікоў з Мінска і Гродна.