Хамяк можа знікнуць на Зямлі ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі

Звычайны хамяк, якога спрабуе знайсці ў Беларусі прыродаахоўная грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), атрымаў новы глабальны статус.

unnamed_166.jpg

Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) 9 ліпеня прызнаў гэты від крытычна пагражальным, т.е. тым, які знаходзіцца на мяжы поўнага знікнення. Такі статус у Беларусі дагэтуль меў толькі адзін від – еўрапейскі рачны вугор.
Хамяк да гэтай ацэнкі лічыўся звычайным. Хаця ў Францыі, Германіі, Польшчы і падлягаў ахове. Але апошнімі дзесяцігоддзямі яго колькасць і вобласць распаўсюду катастрафічна скараціліся. МСАП адзначае, што самкі грызуна за год цяпер пакідаюць патомства з 5-6 дзіцянятаў, у той час як раней прыносілі да 20-ці. Від можа знікнуць на планеце цягам найбліжэйшых 30 гадоў.
Ва Украіне звычайных хамякоў у 2019 годзе пачалі адмыслова размножваць у Кіеўскім заапарку, а сёлета першы прыплод выпусцяць у прыроду ў Хатынскім нацыянальным парку.
Навуковы супрацоўнік Кіеўскага заапарка, кандыдат біялагічных навук Міхаіл Русін, які кансультаваў МСАП наконт статусу хамяка, сярод галоўных прычын падзення колькасці хамякоў называе фрагментацыю арэала ў сувязі з распаўсюдам монакультур (кукуруза, сланечнік, соя, рапс) і знікненнем пасеваў шматгадовых траў, а таксама выкарыстанне радэнтыцыдаў (атруты супраць грызуноў).
— Вялізны ўплыў аказвае і змена клімату, — звяртае ўвагу Міхаіл Русін. — Зімы з частымі адлігамі аказваюць згубнае дзеянне не толькі на хамякоў, але і на іншыя віды, якія тысячагоддзямі адаптаваліся да пэўных умоў асяроддзя.
Ва Усходняй Еўропе хамяк знік з 75% тэрыторый. АПБ займаецца пошукам гэтага рэдкага грызуна у Брэсцкай і Гомельскай абласцях з мінулага года, але пакуль беспаспяхова. Прыродаахоўнікі нават абвясцілі прэмію ў 200 рублёў таму, хто знойдзе жылую нару звычайнага хамяка. Знайсці хамякоў трэба для таго, каб наладзіць іх ахову.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
— Павышэнне пагражальнага статусу віду — трывожны званок для людзей. На жаль, людзі настолькі змянілі асяроддзе пражывання для ўсіх відаў, што самі, без дапамогі людзей, яны ўжо не могуць аднавіцца і выратавацца. Віды знікаюць і ў Афрыцы, Інданэзіі, Бразіліі, і ў нас пад бокам — Добрушскі, Камянецкі, Брэсцкі раёны. Дапамажыце ім выжыць.
Калі вам вядомая хоць адна жылая нара звычайнага хамяка, калі ласка, паведаміце спецыялістам АПБ на адрас info@ptushki.org.