ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ. Навіны тыдня: Наваполацк, Брэст.
Наваполацк. Легенда бардаўскай песні
Наваполацк. Легенда бардаўскай песні
Суполка «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, сумесна з Моладдзю БНФ арганізавала ў Наваполацку творчую сустрэчу з вядомым бардам
Сяржуком Сокалавым-Воюшам. Сярод тых, хто сабраўся на сустрэчу, было шмат як былых паплечнікаў Сяржука па барацьбе за адраджэнне Беларусі канца 1980-х гадоў, так і моладзі, выхаванай на яго спевах.
Пасля цёплай гутаркі і мноства выкананых хітоў, С. Сокалаў-Воюш паабяцаў хутка вярнуцца з новым альбомам і вершамі. Магчыма, новы творчы візіт адбудзецца ўжо гэтай зімой.
Брэст. Сумесна правялі свята
Суб’екты АДС Брэсцкай вобласці супольна з прадстаўнікамі грамадскасці арганізавалі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму Дню абароны правоў дзіцяці. Найперш быў праведзены
традыцыйны гарадскі турнір па міні-футболу сярод дзяцей і дарослых пад дэвізам «Спорт супраць гвалту». У гэты дзень прайшоў і «круглы стол», арганізаваны
Беларускім Хельсінскім камітэтам, на якім былі абмеркаваны праблемы правоў дзіцяці на Беларусі. Падобныя «круглыя сталы» адбыліся ў Баранавічах, Пружанах, Белаазёрску і пасёлку
Рэвяцічы Бярозаўскага раёна.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка