Футбольны клуб з Рэчыцы здымаецца з чэмпіянату: няма грошай. Ён падтрымліваў уладу
Беларуская федэрацыя футболу атрымала заяву, у якой адміністрацыя клуба «Спадарожнік» з Рэчыцы паведаміла, што ў сувязі з фінансавай сітуацыяй калектыў вымушаны спыніць удзел у чэмпіянаце краіны.
Сёлета «Спадарожнік» дэбютаваў у вышэйшай лізе, але так нічога і не здолеў супрацьпаставіць супернікам — апошняе месца пасля першага кругу першынства, піша «Радыё Свабода».
Праз фінансавыя праблемы каманду пакінула большая частка гульцоў, якія наракалі, што за прамінулы час толькі аднойчы атрымалі заробак. Вядома, што шэраг футбалістаў падалі ў суд на ўладальнікаў клуба.
Адметна, што 1 чэрвеня два дзясяткі прадстаўнікоў «Спадарожніка» падпісалі праўладны ліст спартсменаў, падзякаваўшы ўладам «за вялізную ўвагу, якую яны аддаюць спорту». Гэта быў самы шматлікі калектыўны подпіс.
Перад пачаткам першынства калектыў трапіў у скандал: з клубнай эмблемы раптам знікла выява «Пагоні», якая ёсць на гербе Рэчыцы. Пазней гэта патлумачылі «рэбрэндынгам».
У сезоне 2021 года «Спадарожнік» згуляў 15 з 30 матчаў, то-бок роўна палову. Згодна з рэгламентам чэмпіянату Беларусі, калі каманда правяла больш за 50% сустрэч, ёй залічваюцца паразы ў астатніх матчах — 0:3, а ўсім супернікам прысуджаюцца перамогі з такім жа лікам.
Сітуацыя вакол «Спадарожніка» будзе разгледжана на бліжэйшым пасяджэнні выканкама федэрацыі 28 ліпеня.