Фігуры тыдня: Надзея Ермакова, Аляксандр Канюк, Глен Хэнлан

Беларускі Нацбанк у валютнай палітыцы вырашыў «памерці з музыкай». Інакш не патлумачыш словы Надзеі Ермаковай адносна нашай далейшай палітыкі ў сувязях з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.



jermakova.jpg

Найперш, спадарыня Ермакова заявіла, што Беларусь не разлічвае на новы стабілізацыйны крэдыт ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Не плануе Нацбанк і супрацоўнічаць з Міжнародным валютным фондам, які, па яе словах, у адносінах да Беларусі захоўвае «не толькі жорсткія эканамічныя патрабаванні, але прад’яўляе і палітычныя прэтэнзіі».

 

«Вы ведаеце, што МВФ прад’яўляе да нас жорсткія патрабаванні, больш за тое — гэта (новая праграма МВФ) увязваецца з палітычнымі пытаннямі. Чаму мы павінны скакаць пад гэтую дудку?» — заявіла Ермакова журналістам, каментуючы перспектывы рэалізацыі ў Беларусі новай праграмы МВФ. «Мы павінны думаць сваёй галавой», — падкрэсліла кіраўнік НББ, кажучы пра прапанаваныя фондам жорсткія эканамічныя рэформы.

 

У гэтай сітуацыі «пытанне знешніх запазычанняў, размяшчэння еўрабондаў, не знята з парадку дня», сказала кіраўнік НББ, адзначыўшы, што ў самы бліжэйшы час Беларусь не плануе размяшчаць еўрабонды з улікам бягучай негатыўнай сітуацыі на сусветных фінансавых рынках.

 

Цікава, дзе ж спадарыня Ермакова плануе браць валюту? Экспарт жа ў нас — на нулі. Няўжо ёй пра гэта не паведамілі?

 

Аляксандр Канюк

 

konjuk.jpg

 

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк выказаў незадаволенасць пазіцыяй асобных СМІ і праваабаронцаў адносна двух смяротных прысудаў, вынесеных у Беларусі на мінулым тыдні.

 

«Нядаўна былі вынесены два прысуды. Зноў пачалося выццё ў СМІ. Пра што яны выюць? Вы​юць пра лёс чалавека, які загубіў некалькі жыццяў. Але ніхто не пагаварыў з маці 22-гадовай забітай дзяўчыны, ніхто не пацікавіўся, як далей будуць жыць блізкія ахвяраў», — заявіў генпракурор.

 

«Вый пачаўся, але як выправіць злачынцу, калі ён адрэзаў галаву і ездзіў з ёй у сумцы па рэспубліцы? Што рабіць з нягоднікам, які нанёс 122 нажавых раненні сваёй ахвяры?» — заўважыў генпракурор. «Сёння ёсць зрух у тым, што мы больш клапоцімся пра злачынцаў, а не пра ахвяраў», — дадаў ён.

 

Якраз «праваабаронцы і асобныя СМІ» «выюць» пра ахвяраў і пра тое, што з расстрэлам вінаватых жыць блізкім ахвяраў прасцей не стане. А яшчэ яны «выюць» пра тое, што адзін з трох у гэтым годзе смяротных прысудаў быў вынесены чалавеку, які здзейсніў забойства проста ў месцы адбыцця пакаранняў. Лепш бы генпракурор патлумачыў, як у турмах вядзецца нагляд за законнасцю і як забойства стала магчымым пры пракурорскім кантролі над месцамі адбыцця пакаранняў.

 

Глен Хэнлан

 

henlon.jpg

 

Канадзец Глен Хэнлан афіцыйна стаў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі. Кантракт з ім падпісаны, паведаміў менеджар па сувязях з грамадскасцю і прэсай Беларускай федэрацыі хакея (ФХРБ) Арсеній Якавенка.

 

Працоўнае пагадненне з трэнерам уступае ў сілу 1 ліпеня і разлічана па формуле «2 +1». Кантракт падпісаны на два гады, а пры выкананні абавязацельстваў можа быць падоўжаны на тых жа ўмовах яшчэ на год.

 

Глен Хэнлан ужо распрацаваў і прадставіў праграму развіцця падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай Беларусі да Чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску. Згодна з умовамі кантракту, новы галоўны трэнер прыме ўдзел не толькі ў працы з нацыянальнай камандай, але і ў падрыхтоўцы стратэгіі развіцця маладзёжнага і юнацкага хакея ў Беларусі.

 

Чакаецца, што канадзец прыбудзе ў Мінск у канцы ліпеня — пачатку жніўня пасля канчатковага ўзгаднення праграмы падрыхтоўкі зборных каманд на сезон 2013/2014.

 

Глен Хэнлан ужо з’яўляўся галоўным трэнерам зборнай Беларусі на чэмпіянатах свету 2005, 2006 і 2009 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам каманда двойчы выходзіла ў плэй-оф чэмпіянатаў свету (2006, 2009), а на ЧС–2006 у Рызе (Латвія) паказала лепшы вынік за час выступленняў на сусветных гульнях (6-е месца). Усяго пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана зборная Беларусі правяла 32 матчы, у якіх атрымала 14 перамог, 3 разы згуляла ўнічыю і пацярпела 15 паразаў.