Мітрапаліт Філарэт: «Мы, хрысціяне, не можам апраўдваць смяротнае пакаранне, бо гэта грэх забойства»

21 чэрвеня 2013 года ў Доме міласэрнасці (прыход храма-помніка ў гонар Усіх святых, Мінск) адкрыўся круглы стол «Рэлігія і смяротнае пакаранне», арганізаваны Радай Еўропы ў супрацы з беларускай дзяржавай.



nie.jpg

У сустрэчы бяруць удзел прадстаўнікі традыцыйных канфесій, заканадаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь, дэлегаты Рады Еўропы, дыпламаты, праваабаронцы.
 

Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Мітрапаліт Філарэт накіраваў удзельнікам круглага стала прывітанне, якое абвясціў прэс-сакратар Мінскага Епархіяльнага кіравання протаіерэй Сергій Лепін.

«Беларуская Праваслаўная Царква настойліва звяртала ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. У 1996 годзе напярэдадні ўсенароднага рэферэндуму, на якім, сярод іншага, абмяркоўвалася пытанне пра смяротнае пакаранне смерцю, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры.
 

“Мы, хрысціяне, не можам апраўдваць пакаранне смерцю, бо гэта грэх забойства… Жыццё кожнага чалавека належыць яго Творцу, Богу. Не мы, грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку, — не нам і пазбаўляць чалавека існавання. За жыццё кожнага з нас Бог Ісус Хрыстос аддаў Сваё жыццё, зведаўшы пакуты, зневажэнні, здзекаванні і смерць на Крыжы… Дзяржава, караючы смерцю сваіх грамадзянаў, кожны раз наноў крыжуе Хрыста”. Такой была наша пазіцыя ў год рэферэндуму. На сёння яна засталася нязменнай»,  —  падкрэслівае Прадстаяцель Беларускай Царквы.

У праграме круглага стала ― паседжанні па тэмах «Пытанне скасавання смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь» і «Грамадскія і прававыя аспекты скасавання смяротнага пакарання», якія прадугледжваюць чытанне дакладаў і дыскусію.
 

Рэспубліка Беларусь ― адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. На рэферэндуме 1996 года за яго захаванне выступілі 80,44% грамадзянаў. У Канстытуцыі РБ (артыкул 24) указана: «Смяротнае пакаранне да яго  скасавання можа ўжывацца ў адпаведнасці з законам як выключная мера кары за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна прысуду суда». У 2013 годзе было вынесена 3 смяротных прысуду.
 

church.by