Экс-супрацоўніка «Мінаблаўтатранса» асудзілі на хатнюю «хімію»

Былога намесніка начальніка аддзелу арганізацыі перавозак «Мінаблаўтатранс» асудзілі на тры гады хатняй «хіміі» за незаконнае атрыманне ўзнагароджання.

sud_pershamajski.jpg

Адпаведнае рашэнне 15 чэрвеня вынес суд Першамайскага раёна Мінска. Як паведамляе БЕЛТА, спачатку яму інкрымінавалі атрыманне хабару (ч. 1 арт. 430 КК), аднак затым перакваліфікавалі яго дзеянні паводле ч. 1,2 арт. 433 КК.
Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што ён не меней за чатыры разы ўзяў грошы ад прадстаўнікоў перавозчыкаў за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі на той момант у яго кампетэнцыю. Узнагароджанне было за падрыхтоўку дакументаў для заключэння дамоваў на перавозку пасажыраў у прыгарадным кірунку.
Абвінавачанага прызналі вінаватым у прыняцці супрацоўнікам іншай дзяржаўнай арганізацыі, які не з’яўляецца службовай асобай, маёмасці, дадзенай яму за здзейсненае ў межах яго службовых паўнамоцтвах дзеянне на карысць асобы, якая дала такую маёмасць. Былога супрацоўніка “Мінаблаўтатранса” асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Фігурант гэтай справы сплаціў у прыбытак дзяржавы 3 357 рублёў, што адпавядае прыбытку, атрыманаму злачынным чынам. Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.
Паводле euroradio.fm