Дзмітрыя Паліенку гвалтоўна затрымалі прама ў судзе, збілі і асудзілі на 15 сутак

З суда Паліенку пад канвоем павезлі адбываць пакаранне. Паведамляецца пра ператрус у хаце, дзе ён жыве.

palienka_sud0807.jpg

У 7 гадзін раніцы 8 ліпеня ў двор, дзе пражываюць актывісты Дзмітрый і Наста Паліенкі, увайшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі з Маскоўскага РУУС. Усе чацвёра былі ў цывільнай вопратцы. Яны прапанавалі актывісту “выйсці і пагаварыць”. Пра мэты размовы нічога не паведамлялі.

palienka_2020_07_08.jpg


У адказ на катэгарычнае патрабаванне прадставіць позву, двое з іх на аўтамабілі з’ехалі чамусці ў Першамайскі РУУС і неўзабаве прывезлі позву Дзмітрыю Паліенку, у якой пазначана, што з’явіцца трэба ў 15 гадзін 8 ліпеня для правядзення “праверачнага мерапрыемства” ў Маскоўскі РУУС.

palienka_pozva_01.jpg


Пакінуўшы позву Насце супрацоўнікі міліцыі з’ехалі.
Усё раніцу Наста вяла відэазапіс размовы, які змешчаны ў фэйсбуку.
У гэты ж дзень у судзе Першамайскага раёна ў 10.00 пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Дзмітрыя Паліенкі па артыкуле 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Прычынай складання пратаколу стала фота з рондалем, якое ён выклаў у сацыяльныя сеткі. Справу разглядае суддзя Анастасія Ляйкоўская. У залі знаходзяцца канвойныя.
Паліенка сцвярджае, што міліцыя не азнаёміла яго з матэрыяламі справы і не патлумачыла сутнасць правапарушэння. На гэта ён разам з адвакатам падаў скаргу.
Паліенка азнаёміўся з матэрыяламі справы толькі ў судзе. Падчас азнаямлення супрацоўнік міліцыі Сяргей Астафьеў груба сарваў з заплечніка Дзмітрыя плакат з надпісам "Такіх як я 97%". У выніку суддзя накіравала пратакол на дапрацоўку.
Але "дапрацоўка" адбылася прама ў будынку суда падчас перапынку. Міліцыянты заблакавалі ў калідоры суда ўсіх прысутных — і Паліенку, і яго адваката, і слухачоў, каб ніхто не мог выйсці. І вельмі хутка перапісалі пратакол. Цяпер у ім напісана тое, што Дзмітрый размясціў заклік у сацыяльных сетках да флэшмобу: 23 чэрвеня заклікаў выходзіць увечары на балкон і грымець рондалямі. Пасля гэтага ўсіх загналі назад у судовую залу.
Калі пасяджэнне зноў пачалося, адвакат хадайнічаў аб разглядзе скаргі на неазнаямленне з матэрыяламі справы. Суддзя згодна і дае 20 хвілін на перапынак. Тады нарэшце калідор адчыняецца і ўсе жадаючыя выходзяць з будынку суда. Працяг прызначаны на 11.30.
Пасля працягу Дзмітрый сказаў, што не згодзен з пратаколам усё роўна і адмовіўся далей удзельнічаць у судовым пасяджэнні. Ён направіўся да выхада, і ў калідоры яго схапілі 6 супрацоўнікам АМАПу і гвалтоўна пацягнулі ў міліцэйскую машыну. Дзмітрыя звезлі ў невядомым накірунку на серабрыстай "шкодзе". Пры гэтым працэс яшчэ не скончыўся.
Праз палову гадзіны Дзмітрыя Паліенку прывезлі назад у суд. Ён кажа, што амапаўцы яго збілі.
Пасяджэнне працягнулася. Сведкам выступае маёр з Першамайскага РУУС Іван Квачан, які нібыта пабачыў пост на старонцы Палінекі з заклікам да ўдзелу ў флэшмобе. Суддзя абвесціла перапынак для прыняцця рашэння.
Падчас перапынку Дзмітрыю не далі выйсці з будынку суда, і зноў завялі ў машыну з амапаўцамі. Ён паспеў паведаміць праваабаронцам, што яго вазілі ў Маскоўскі РУУС (па той самай позве, якую ўручылі ранкам) і апыталі ў межах заведзенай крымінальнай справы па абразе супрацоўніка міліцыі.
Пасля перапынку суддзя агучыла рашэнне — 15 сутак арышту. Яго пад канвоем забралі адбываць пакаранне.
Пазней стала вядома, што ў доме, дзе жывуць Паліенкі, праходзіць ператрус. Ён можа быць звязаны з крымінальнай справай супраць актывіста.
Паводле spring96.org