Дзяніс Івашын упершыню патэлефанаваў сваякам з калоніі

Палітвязень і журналіст-расследавальнік «Новага Часу» Дзяніс Івашын здолеў патэлефанаваць сваякам.

photo_2023_04_11_22_51_23.jpg

Гродзенскі журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын нарэшце азваўся з калоніі №15 (горад Магілёў). Ён патэлефанаваў маці ў суботу, 8 красавіка, паведамляе «Гарадзенская В*сна».

З першага разу, на жаль, датэлефанавацца Івашын не змог, але тэхнічныя праблемы сувязі супрацоўнікі калоніі не палічылі дастатковай прычынай для падаўжэння часу пачатай толькі з другой спробы размовы. Таму ў Дзяніса з маці была магчымасць пагаварыць усяго пару хвілін.

Палітвязень паспеў сказаць, што яго стан здароўя палепшыўся, аднак ён дагэтуль кашляе час ад часу.

Людміла Івашына спытала, ці атрымаў Дзяніс дасланую яму бандэроль — ён адказаў адмоўна. Пазней сваякі праз электронны сэрвіс пошты высветлілі, што пасылка з 6 красавіка і аж дагэтуль знаходзіцца на пошце, прычыны гэтага невядомыя.


Івашын таксама сказаў, што ў дадзены момант не працуе, а знаходзіцца ў атрадзе. Сваякі не ведаюць, чаму так адбываецца. Але яны хвалююцца, каб, скарыстаўшыся адсутнасцю сведак, працаўнікі калоніі не ўчынілі нейкую правакацыю супраць журналіста, падставілі яго пад нейкае «парушэнне» і змясцілі ў ШІЗА.

Раней родныя атрымлівалі ліст ад Івашына ад 29 сакавіка, а таксама адказ начальніка калоніі ад 31 сакавіка на просьбу перадаць чарговы (пяты) раз дасланыя копіі дакументаў пра сваяцтва палітвязню, каб ён мог тэлефанаваць родным, што неўзабаве і адбылося.

Лістоў ад айчыма Дзяніс Івашын не атрымлівае дагэтуль, хоць іх было даслана пяць штук. Таксама як і лісты ад Дзяніса да адрасата не патрапілі, што самым наўпроставым чынам парушае правы палітвязня на атрыманне і дасыланне карэспандэнцыі без абмежаванняў.


Нагадаем, як пісаў «НЧ», 28 сакавіка стала вядома, што Дзянісу Івашыну зменшылі атаварку. Цяпер яму дазволена атаварвацца ў турэмнай краме толькі на дзве базавыя велічыні (74 рублі) замест пяці. Звычайна такія абмежаванні ўжываюцца ў дачыненні да тых вязняў, якіх адміністрацыя прызнае «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

А 25 сакавіка старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала загад аб узнагароджанні Дзяніса Івашына медалём Ордэна Пагоні.