У адказ на здзекі ў турме Дзяніс Івашын прыгразіў перарэзаць сабе вены
Вольга Івашына, жонка палітзняволенага журналіста, аўтара «Новага Часу», распавяла пра фізічныя і інфармацыйныя правакацыі ў дачыненні да мужа ў зняволенні.
«Мы атрымалі інфармацыю, што Дзяніса спрабавалі скампраметаваць <...>, пераводзячы ў камеру з людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус <...>», — напісала жонка палітвязня.
Аднак, паводле слоў Вольгі Івашынай, «Дзяніс даволі хутка адаптуецца да знешніх умоў, вывучае правілы і традыцыі, якія існуюць вакол».
«Таму ён зрабіў тое, што робяць усе вязні ў такіх умовах: выклікаў «ахоўнікаў» і прапанаваў перавесці яго ў іншую камеру, або ён фізічна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены ці інш.», — удакладніла Вольга. Яна дадала, што гэтыя звесткі «ўрэшце пацвердзіў сам Дзяніс, засмуціўшы маці падчас спаткання 21 снежня».
«У выніку турэмнікі прапанавалі яму... перасяліцца ў карцар, на што Дзяніс і пагадзіўся, прасядзеўшы ў маразільніку 10 содняў. А цяпер давайце ўзгадаем, колькі разоў за 21,5 месяц палону Дзяніс патрапляў у карцар? Каля 10 — амаль паўтара месяцы. Спадзяемся, што не ўсе яны былі вымушаным пазбяганнем правакацый», — напісала жонка палітзняволенага журналіста.
Нагадаем, у верасні ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым працэсе Дзяніса Івашына прызналі вінаватым паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў») і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве») і асудзілі яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.