«Дыскрэдытавалася праца праваахоўнай і судовай сістэм». Заблакавалі сайт «Вольнае Глыбокае»
У пракуратуры заявілі: «У асобных артыкулах дзейнасць дзяржаўных органаў прадстаўлялася як незаконная, апраўдваліся і гераізаваліся асобы, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы», піша «Свабода».
Пракуратура Віцебскай вобласці заявіла, што нібыта выявіла
парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі»
ў дзейнасці інтэрнэт-сайта «Вольнае Глыбокае»:
«У шэрагу размешчаных на рэсурсе публікацый меліся
фотаздымкі і відэа з сайтаў, інфармацыйную прадукцыю якіх суды раней прызналі
экстрэмісцкімі матэрыяламі. У асобных артыкулах дзейнасць дзяржаўных органаў
прадстаўлялася як незаконная, апраўдваліся і гераізаваліся асобы, якія
здзейснілі правапарушэнні і злачынствы. У публікацыях негатыўна
характарызавалася грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне пасля завяршэння
выбарчай кампаніі, дыскрэдытавалася праца праваахоўнай і судовай сістэм краіны».
У выніку пракурор Віцебскай вобласці вынес пастанову аб
абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайта «Вольнае Глыбокае», якую накіравалі ў
Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфармацыі.
З пачатку 2021 года незалежная газета «Вольнае Глыбокае»
спыніла выхад. Год таму выйшаў яе 1000-ы нумар. «Вольнае Глыбокае» праіснавала
26 гадоў, заставаўся сайт выдання.
Спыненне выхаду недзяржаўных выданняў
У 2020-2021 гг. перастаў выходзіць на паперы шэраг незалежных газет нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасць газет спынілі выхад праз палітычны ціск пасля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэт «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская», «Народная воля», «Брестская газета», «Новы час», «Рэгіянальная газета», «Информ-прогулка».
Усе названыя выданні цяпер працуюць выключна ў сеціве, у
некаторых з іх прайшлі ператрусы ў рэдакцыях і ў супрацоўнікаў, некаторыя былі
аштрафаваныя.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцця яшчэ дзвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газет. На пачатку мінулага года перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 года выйшаў апошні нумар газеты «Вольнае Глыбокае».