«У рэдакцыі параілі ўзяць цёплыя шкарпэткі». Журналіста «БелаПАН» Паўла Дабравольскага выклікалі на допыт
Па якой справе журналіста выклікаюць, невядома. Пра жаданне пагутарыць з ім у міліцыі Павел паведаміў у сваіх сацсетках.
— Знак якасці. Выклікалі на допыт у ГУУС. У рэдакцыі параілі
ўзяць цёплыя шкарпэткі на ўсялякі. Умеюць падбадзёрыць, — напісаў Павел
Дабравольскі.
Журналіст правёў за кратамі 15 сутак у мінулым лістападзе, піша «Салідарнасць». Таксама напярэдадні стала вядома, што галоўнай рэдактарцы «БелаПАН» Ірыне Леўшынай, затрыманай 18 жніўня, яшчэ на два месяцы працягнулі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Не выйшаў на волю пасля двух месяцаў утрымання пад вартай і былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў.
Леўшынай і Наважылаву прад'яўленыя абвінавачанні па ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйным памеры»).