«Допыт на мяжы заняў 1,5 гадзіны». 69-гадовая актывістка распавяла, як вярталася ў Беларусь
Старшыня арганізацыі пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко распавяла пра тое, як праходзіла «фільтрацыю» па вяртанні на радзіму праз памежны пункт пропуску «Катлоўка».
«Справа ў тым, што мінулай ноччу і я прайшла «фільтрацыю» — ведаеце, гэта такая працэдура на мяжы, калі вяртаешся дадому.
Але пра ўсё па парадку. Так, на памежным пераходзе Катлоўка, спачатку ўсё было, як звычайна... Памежнік «у будцы» узяў мой пашпарт, але потым кудысьці патэлефанаваў... Затым, выйшаў яго начальнік і запрасіў мяне ў свой кабінет. Ужо там сядзеў супрацоўнік незразумелай службы ў цывільным. Прычына «запрашэння» — «выбарачная» праверка. Перш за ўсё, ён «прадставіўся» — сказаў, што яго клічуць «Мікалай і для мяне — гэтага дастаткова»... З прадстаўлення — гэта ўсё! Гэта значыць, не было прозвішчаў, пасады, арганізацыі, прычыны допыту (гэта быў менавіта допыт па форме і змесце, але без пратакола). Гэты чалавек прапанаваў мне сесці на крэсла, якое стаяла пасярэдзіне пакоя.
Калі я яго ўзяла, каб падсунуць да стала, то пачула прыкладна наступнае — «я табе сказаў не крэсла рухаць, а садзіцца!» Ужо тады я зразумела, што асаблівай размовы не атрымаецца, але сама размова будзе — таму што, беларускія рэаліі такія, што нават калі мяне адтуль вынясуць наперад нагамі, гэтаму «супрацоўніку» нічога не будзе...
Далей, ён папрасіў у мяне тэлефон. Добра, што яго ў мяне з сабой і не было. Выслухаўшы, што «я хлушу», ён стаў мяне літаральна дапытваць — пры чым рабіў ён гэта з супрацоўнікам памежнай службы шляхам перакрыжаванага допыту — часцей падвышаючы голас, «тыкаючы» (а яны абодва падыходзяць мне ва ўнукі), і заяўляючы, што «я хлушу». Хоць сітуацыя збоку сапраўды выглядала дзіўна — я не ведала ні хто мяне дапытвае, ні чаму мяне дапытваюць, але, чамусьці, я павінна быць «максімальна» адкрытай!
Цалкам натуральна, што з майго боку большасць адказаў былі прыкладна, як у міліцыі ў судах — «не памятаю», ну ці «не» — дэменцыя ж хвароба заразная.
Агулам допыт заняў прыкладна 1,5 гадзіны! Гэта іх злавала, і я думала, што ўжо, мусіць і не выйду, але ўзрост (мне 69 гадоў) і той факт, што я ў дарозе ўжо 16-ю гадзіну зрабілі сваю справу — у мяне падскочыў ціск, і я стала літаральна губляць прытомнасць...
Лекар, які там працуе, канстатаваў, што далейшыя дзеянні з іх боку проста бессэнсоўныя. Мікалай заявіў, што допыт перарваны «ў сувязі са станам здароўя» і прапанаваў мне альбо хуткую, альбо ехаць далей ужо на нашай машыне дадому. Натуральна, я выбрала другі варыянт... Ну, а потым была мытня. Трэба аддаць ёй належнае — там усё адбывалася вельмі ветліва і па працэдуры. Нас аглядалі 6 (!) чалавек! Было бачна, што ўсе яны — не маладыя мытнікі, якіх шмат у Катлоўцы, а менавіта прафесіяналы. Цалкам натуральна, што яны агледзелі ўсё і знайшлі нават тое, што кіроўца не мог знайсці некалькі месяцаў пад сядзеннем машыны! Больш за тое, яны выбралі ўсе запячатаныя рэчы (напрыклад каву, ці пакеты з капсуламі для прання) і мы пацягнулі ўсё гэта на рэнтген — як бы я не запячатала што і туды... І толькі потым мы ўжо адправіліся дадому.
Што значыць быць грамадскім дзеячам у Беларусі, які не апусціў рукі, а працягнуў працаваць? Гэта значыць, што трэба прадумваць абсалютна кожны свой крок, слова і дзеянне... Гэта значыць, што ў цябе можа быць сотні прыхільнікаў унутры краіны і за яе межамі, але безумоўна давяраць ты можаш толькі лічаным адзінкам — і гэта нават не залежыць ад геаграфіі знаходжання гэтых людзей, а выключна ад іх паводзін у экстрэмальных сітуацыях і досведзе супрацоўніцтва... Гэта ўменне разгледзець і своечасова прадухіліць любую правакацыю — пры чым усё роўна, з якога боку яна можа прыйсці — калі ў цябе ёсць асаблівае меркаванне — дзівіцца падзеям вакол ужо і не варта... Напрыклад, таму, што апісана вышэй — для нас, людзей, якія жывуць у Беларусі — гэта ўжо шэраговая падзея...» — напісала Таццяна Зялко.
Пераклад НЧ