Добраахвотна-прымусовыя паборы ў бальніцах і школах на прапагандысцкія праекты — дабрачыннасць па-беларуску

У Лукашэнкі новая цацка — патрыятычны цэнтр у Брэсце, грошы на які, як заўсёды, трасуць з бюджэтнікаў, прычым з некаторых нават двойчы: праз дзяцей у школах. «Deutsche Welle» расказвае, як дзяржава рэалізоўвае свае «хацелкі».

З каго па 3 рублі, з каго па 5, а з каго і па 10 — так збіраюць на «дабрачыннасць» у медыкаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

З каго па 3 рублі, з каго па 5, а з каго і па 10 — так збіраюць на «дабрачыннасць» у медыкаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі аб'яўлены збор ахвяраванняў на будаўніцтва патрыятычнага цэнтра, які размесціцца ў Брэсцкай крэпасці. Грошы для гэтых мэтаў ужо, хутчэй у прымусовым парадку, збіраюць у бюджэтных арганізацыях і ўстановах адукацыі. Можна меркаваць, што такім жа чынам збіраюць сродкі і на іншыя праекты, якія беларускія ўлады лічаць прыярытэтнымі, але толькі часткова фінансуюць з дзяржаўнага бюджэту.   

Адкуль возьмуць грошы на «патрыятычную» будоўлю?

Пра тое, як праходзіць збор сродкаў на будаўніцтва патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці, 24 кастрычніка расказаў кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) Аляксандр Лук'янаў. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён паведаміў, што да працэсу збору ахвяраванняў падключыліся грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі. Калі ўлічыць, што ў Беларусі не засталося апазіцыйных партый, гаворка ідзе пра структуры, лаяльныя цяперашняй уладзе. «На сённяшні дзень хлопцамі і дзяўчатамі, моладдзю сабрана больш за 160 тысяч рублёў, каля мільёна сабрана грамадскасцю. Усяго каля васьмі мільёнаў рублёў», — заявіў Лук'янаў.

У адказ Аляксандр Лукашэнка пахваліў ініцыятыву БРСМ, заявіўшы, што ў такім выпадку «з бюджэту спатрэбіцца менш дапамогі». Праўда, раней крыніца, знаёмая з планамі па будаўніцтве патрыятычнага цэнтра, расказвала DW, што толькі на рэалізацыю першай чаргі праекта спатрэбіцца каля 45 мільёнаў беларускіх рублёў (больш за 13 мільёнаў еўра).

Падобна да таго, і само кіраўніцтва БРСМ усведамляе: з фінансаваннем будоўлі могуць узнікнуць праблемы, і аб'ект у Брэсцкай крэпасці атрымаецца больш сціплым, чым задумвалася першапачаткова. «Можа быць, нам не трэба такіх шыкоўных комплексаў, як, да прыкладу, у Падмаскоўі», — выказаў меркаванне Лук'янаў, маючы на ўвазе расійскі парк «Патрыёт». Акрамя таго, у БРСМ не адмаўляюцца ад ідэі прыцягнуць да ўзвядзення патрыятычнага цэнтра бясплатную працоўную сілу за кошт студэнцкіх атрадаў, правядзення суботнікаў і іншых акцый.

Глядзіце таксама

У медыкаў «ахвяраванні» вылічваюць з заробку

Пакуль жа збор ахвяраванняў працягваецца, і не заўсёды гэта адбываецца добраахвотным спосабам. Як стала вядома DW, найбольш «крэатыўна» да гэтага працэсу падышлі ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы.

Адзін з лекараў медыцынскай установы пацвердзіў, што персанал лякарні паставілі перад фактам: трэба напісаць заяву, каб з заробку вылічылі пэўную суму. «Сумы розныя: з лекараў збіраюць па 10 рублёў, з медсясцёр — па 5, хто на менш кваліфікаванай працы — па 3», — тлумачыць лекар. Паводле яго слоў, ёсць і адмоўнікі, але, у цэлым, такіх няшмат. «Я думаю, што да 2020 года такая ініцыятыва выклікала б гарачыя спрэчкі і абмеркаванні сярод медыкаў, але цяпер нават нязгодныя лічаць за лепшае маўчаць, каб не было праблем», — кажа суразмоўца.

У іншых медыцынскіх установах Брэста пра прымусовы збор сродкаў на будаўніцтва патрыятычнага цэнтра пакуль не чулі, але прызнаюцца, што хапае іншых «пабораў», да якіх ужо прызвычаіліся. «Як так і трэба ў нас успрымаюць і абавязковую падпіску на ведамасную медыцынскую газету, і ахвяраванні на патрэбы Чырвонага Крыжа», — дзеліцца лабарант яшчэ адной бальніцы ў Брэсцкай вобласці. Пры гэтым ён дадае, што ад дабрачыннасці як такой медыкі не адмаўляюцца, калі яна атрымліваецца адраснай. «Ведаю па сваім калектыве, што многія дапамагаюць грашыма канкрэтным людзям, якія маюць патрэбу ў дарагой аперацыі за мяжой або леках», — удакладняе лабарант.        

Глядзіце таксама

Дабрачыннасць у школах — за бацькоўскі кошт 

У беларускіх установах адукацыі школы збор ахвяраванняў на будаўніцтва новага аб'екта ў Брэсцкай крэпасці яшчэ не аб'яўлялі. Але бацькі школьнікаў расказваюць, што ім таксама даводзіцца марнаваць грошы на не зусім зразумелыя мэты. «Яшчэ калі я вучыўся ў школе, то збіралі грошы на АСВОД, ДТСААФ, кудысьці яшчэ, — згадвае Максім, бацька цяперашняга сямікласніка. — І вось прайшло столькі гадоў, а нічога не змянілася: ад сына патрабуюць сяброўскія ўнёскі ў тыя ж самыя арганізацыі, якія невядома як расходуюць гэтыя сродкі».

У сям'і Наталлі таксама ёсць школьнікі. Жанчына са здзіўленнем адзначае, як на пачатку навучальнага года адміністрацыя ўстановы арганізавала сход, на якім бацькоў заклікалі пералічыць грошы ў Беларускі фонд міру. «Мы абсалютна не ў курсе, чым займаецца гэтая арганізацыя, у чым сутнасць яе дзейнасці, асабліва цяпер, калі ідзе вайна ва Украіне, — кажа Наталля. — У школе нам паабяцалі, што сабраныя сродкі пойдуць на куплю медыцынскіх каталак у адну з бальніц. Пытанняў стала яшчэ больш: прычым тут Беларускі фонд міру і грошы бацькоў, калі на такія мэты павінны быць прадугледжаныя выдаткі ў бюджэце, куды мы плацім падаткі?» Як раказвае Наталля, днямі яна выпадкова даведалася, што ад імя Беларускага Фонду міру ў бальніцу перадалі больш за 5 тысяч рублёў (каля 1,5 тысячы еўра) у якасці «добраахвотных ахвяраванняў».

Беларускі Чырвоны Крыж «перастаў быць бесстароннім»?

Сваім больш чым дваццацігадовым досведам валанцёрства з грамадскімі арганізацыямі, якія займаліся дабрачыннасцю і дапамогай уразлівым катэгорыям грамадзян, падзяліўся жыхар Брэста Анатоль (імя зменена). Ён адзначае, што дзейнасць пераважнай большасці такіх арганізацый у Беларусі пасля 2020 года альбо ліквідаваная, альбо практычна паралізаваная.

«Апошнім часам я супрацоўнічаў з мясцовым аддзяленнем Беларускага Чырвонага Крыжа, але цяпер не бачу ў гэтым сэнсу», — кажа Анатоль. Ён згадвае, як яшчэ ў 2020 годзе некаторыя валанцёры заклікалі кіраўніцтва БЧК хадайнічаць наконт гуманітарнай падтрымкі тых, хто падвергнуўся рэпрэсіям пасля выбараў і апынуўся ў перапоўненых камерах ізалятараў. «Гэтая прапанова засталася без адказу, затое як толькі ў Беларусі з'явіліся тысячы мігрантаў, якія штурмавалі мяжу з ЕС, кіраўніцтва Беларускага Чырвонага Крыжа аператыўна арганізавала збор дапамогі гэтым грамадзянам», — расказвае Анатоль. 

Глядзіце таксама

Паводле яго слоў, многія валанцёры ў той момант не маглі зразумець, з чым звязаная такая выбіральнасць кіраўнікоў БЧК. Але для старажылаў, якія супрацоўнічалі з Чырвоным Крыжам яшчэ з пачатку 2000-х, нічога дзіўнага не было. «Беларускі Чырвоны Крыж уладамі даўно ўжо выкарыстоўваецца ў сваіх інтарэсах: прадстаўнікоў арганізацыі масава ўключалі ў склад выбарчых камісій, абавязвалі назіраць на выбарах і выконваць іншыя неўласцівыя функцыі», — тлумачыць Анатоль. Цяпер, на яго думку, кіраўніцтва БЧК заняло адназначную пазіцыю ў расійска-ўкраінскай вайне. Як лічыць экс-валанцёр БЧК, нічога добрага такія дзеянні для арганізацыі ў будучыні не абяцаюць.