Павел Латушка: Лукашэнка ператварае Беларусь у свой «дабрачынны фонд»

Санкцыі працуюць, заявіў кіраўнік НАУ. Як вынік — скарачэнне грошай у беларускага рэжыму. Таму Лукашэнка пачаў «раскулачваць» уласных кішэнных бізнесоўцаў.

Павел Латушка. Фота з сацсетак

Павел Латушка. Фота з сацсетак

Бюджэт Рэспублікі Беларусь на 2024 год сфарміраваны з вялікім дэфіцытам (4,7 мільярда рублёў). Таму прапаноўваць «падзяліцца» Лукашэнка будзе не толькі сваім алігархам, лічыць кіраўнік НАУ.

У праекце бюджэту на 2024 год ужо запланавана павелічэнне выдаткаў на сілавікоў і суды амаль да 4,7 мільярдаў рублёў. Плюс амаль 3,6 мільярда рублёў — на абаронку.

Для параўнання, выдаткі на ахову здароўя — крыху меншыя за 2,5 мільярды рублёў. На адукацыю выдзеляць менш за 1,9 мільярда. На культуру — 217 мільёнаў рублёў.

Гэта значыць, на ўтрыманне сілавікоў і арміі рэжым выдаткуе ў 2 разы больш, чым на медыцыну, адукацыю і культуру разам узятыя. І плаціць за гэта давядзецца беларускім падаткаплацельшчыкам.

Улада за некалькі гадоў літаральна знішчыла ў Беларусі грамадзянскую супольнасць. Закрыта больш за 1440 грамадскіх арганізацый. Многія з іх займаліся дабрачыннасцю, дапамагалі бяздомным жывёлам, людзям ва ўразлівым сацыяльным становішчы, людзям з інваліднасцю, сіротам, анкалагічным хворым. Але беларускі кіраўнік нікога не пашкадаваў. Хіба яго хвалюе, што будзе з людзьмі далей? Не, замест гэтага Лукашэнка стварае так званы «дабрачынны» «Фонд першага».

Але хто ж будзе яго напаўняць?.. «Напаўняць гэтую кармушку Лукашэнка, натуральна, прымусіць беларусаў. Ужо цяпер з рэспубліканскага бюджэту плануецца перадаць у фонд Лукашэнкі амаль мільярд рублёў.

Можна чакаць, што да ўсякіх пабораў, накшталт добраахвотна-прымусовых падпісак на розную макулатуру пад назвай «дзяржаўныя СМІ», розных узносаў ва ўсякія там таварыствы, куплю латарэйных білетаў, будуць дададзены і абавязковыя ўнёскі ў т.зв. «Фонд першага».

Але, ведаючы Лукашэнку, мы можам таксама выказаць здагадку, што ён мае намер прыватызаваць на сваю карысць усю існую дабрачыннасць у краіне…», — лічыць Латушка.

Павел Латушка перакананы, што галоўнымі адрасатамі для «дабрачыннай дапамогі» з боку фонду Лукашэнкі будуць, мабыць, тыя, хто мае патрэбу з ГУБАЗіК, АМАП і ПВК «Вагнер». 

Глядзіце таксама

Нагадаем, з самага пачатку сваёй дзейнасці Лукашэнка стварыў не прадугледжаны ніякім заканадаўствам спецыяльны прэзідэнцкі фонд, якім ён асабіста і бескантрольна распараджаўся. Паводле ацэнак экспертаў, аб’ём гэтага фонду ў пэўныя пэрыяды быў роўны дзяржаўнаму бюджэту. Напрыклад, той факт, што грошы ад гандлю зброяй ідуць не ў дзяржаўную скарбонку, у свой час прызнаў міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, калі адказваў на пытанні дэпутатаў.

А цяпер стала вядома і пра новы «Фонд першага». Пра дабрачынны фонд Аляксандр Лукашэнка расказаў у сувязі са скандалам, які выбухнуў пасля з'яўлення інфармацыі аб яго новай рэзідэнцыі ў цэнтры Мінска, у будынку на вуліцы Чырвонаармейскай, 15.