Дапамажыце птушкам перажыць маразы!
У Беларусі зноў праходзіць акцыя "Птушкі ля кармушкі". Яе праводзіць 20-21 студзеня грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Каб стаць удзельнікам акцыі, трэба 20-21 студзеня падлічыць віды і колькасць птушак, якія наведаюць вашу кармашку на працягу 1 гадзіны, і перадаць гэту інфармацыю ў АПБ адным са спосабаў:
праз форму (будзе даступная з 20 студзеня да 18.00 22 студзеня);праз паведамленне ў FB або ВК.
Сярод удзельнікаў акцыі, якія адправяць свае назіранні праз форму, АПБ разыграе 10 значыкаў з птушкамі, якія любяць пагасцяваць на кармушцы. Удзельнічайце і, магчыма, да цябе прыляціць мініятурны гіль, верабейка або зелянушка!
А як правільна падлічваць птушак можна даведацца тут.
Змяшчайце свае здымкі з кармушкі ў сацсетках (FB або ВК, Instagram) з хэштэгам #птушкілякармушкі, а таксама загружайце іх у спецыяльныя альбомы на FB і VK. Аўтараў самых цікавых здымкаў чакаюць сувеніры ад АПБ.
Як зрабіць кармушку?
Насамрэч, зрабіць кармушку вельмі лёгка. Важна: у кармушках з тэтрапаку абавязкова трэба пракалоць у дне некалькі адтулінак, каб вада ад снегу і дажджу не затапіла ўвесь «птушыны банкет».
Чым частаваць птушак?
Найлепшы корм для вераб’іных – несалёныя і нясмажаныя сланечнікавыя семкі. Чысціць іх не трэба. Можна зрабіць сумесь, дадаўшы да гэтых семак проса і авёс.
Для сінічак і дзятлаў падыйдзе свежае сала (толькі несалёнае!) – яны паласуюцца з задавальненнем. Кавалачкі сала можна нанізаць на цвічкі па краях кармушкі, прывязаць да галінкі або падвесіць у сетачцы.
Вераб’і, зелянушкі, попаўзні і чыжы не адмовяцца ад арахісу (зноў жа – несалёнага і нясмажанага!)
Чым разнастайнейшым будзе пачастунак, тым больш відаў птушак можа наведацца да «застолля».
"Птушкі ля кармушкі"-2017
У леташняй акцыі звыш 2000 удзельнікаў пачаставалі больш за 10 000 птушак 37 відаў! Самымі частымі гасцямі кармушак былі вялікая сініца (3147 птушак), дамавы верабей (1890 птушак) і палявы верабей (1814 птушак). На кармушкі заляталі сінія сініцы, таўстадзюбы, зелянушкі і нават малінаўкі!