Дачка Марыны Золатавай: Пасля кожнага экзамену я адпраўляла маме тэлеграму

«Мама ёсць, хай і крыху далей, чым звычайна. Мне важна знаходзіць сілы ісці наперад. Ісці не толькі дзеля сябе, але і дзеля мамы», — распавяла дачка галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай.

marina_i_nadya.jpg

Гісторыі дзяцей, чые бацькі знаходзяцца за кратамі, запісала Zerkalo.io 

Марыну Золатаву — галоўнага рэдактара TUT.BY — затрымалі 18 траўня. Ёй прад'яўленае абвінавачанне па арт. 243 КК — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў. Марына знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску. У гэтым жа горадзе, але дома, яе чакае муж Васіль, дачка Надзея (17 гадоў) і сын Фёдар (15 гадоў). Калі маму затрымалі, Надзя заканчвала 11 клас Ліцэя БДУ. Днямі дзяўчына здала апошні творчы экзамен — і стала студэнткай Акадэміі мастацтваў. Пра сваё паступленне яна адразу ж паведаміла маме — даслала тэлеграму.

— Адразу, калі маму пасля ператрусу павезлі на допыт, мы з татам і братам сталі прыбірацца. Па нашай кватэры хадзілі чужыя людзі ў чаравіках, і знаходзіцца ў брудзе не хацелася. Не памятаю, што адчувала той ноччу. Наўрад ці яна была нейкай асаблівай.

Наперадзе ў мяне былі выпускныя экзамены, ЦТ, паступленне. Стрэс ад выпрабаванняў [з якімі хацелася добра справіцца] толькі надаваў сіл. У мяне з'явілася дадатковая матывацыя — зрабіць маме прыемнае і даказаць: яе "штурханні" былі нездарма. А "штурхала" яна мяне заўсёды: матывавала вучыцца ў гімназіі, распавядала пра Ліцэй БДУ. І цяпер, пакуль яна не побач, мне хацелася паказаць ёй, што ў складанай сітуацыі я таксама не разгубілася і здолела зрабіць нешта сама.

Каб падтрымаць мяне падчас іспытаў, мама дасылала мне паштоўкі, у якіх жадала ўдачы. Я насіла іх у заплечніку і адчувала: калі яны са мной — значыць, і мама побач. Пасля кожнага іспыту я адпраўляла ёй тэлеграму, дзе распавядала, як усё прайшло. Я, тата, брат і нашы лісты — гэта ўсё, што ў яе ёсць, таму важна, каб яна ведала: у нас усё добра. У адным з лістоў мама папрасіла: "Надзя, калі закахаешся, абавязкова напішы". Сказала, не хоча прапускаць гэты этап у маім жыцці. І я, калі што, абавязкова ёй усё раскажу.

Мама не патрапіла да мяне на выпускны, але яна вельмі хацела, каб у гэты вечар я была самая прыгожая. Мы з ёй паспелі выбраць касцюм, туфлі і торбачку. А з прычоскай і макіяжам мне ўжо дапамагла іншая Марына —знаёмая таты. Напярэдадні яна пафарбавала мяне хной, як гэта звычайна рабіла мама, а потым запрасіла візажыста і цырульніка.

І я памятаю: канцэрт, дыскатэка, і я сяджу на падаконніку на першым паверсе — і гляджу на ліцэйскую вярбу. У той момант я думала, а як праходзіў выпускны ў мамы, што яна адчувала, пра што марыла, ці плакала.

— А ты плакала?

— Не. Мама, калі ўбачыла мае фота з выпускнога, вельмі ўзрадавалася. Мне якраз знялі брэкеты, і яна сказала, што вярнулася ўсмешка, якая была ў мяне ў дзяцінстве і якую яна вельмі любіла.

— І цяпер, у час інтэрв'ю, ты шмат ўсміхаешся.

— Я фанат стэндапу. А канцэпт стэндап-камедыі такі: замест таго, каб чагосьці баяцца, ты смяешся з гэтага. І страшнае становіцца менш страшным. Мама ж ёсць, хай і крыху далей, чым звычайна. Мне важна знаходзіць сілы ісці наперад. Ісці не толькі дзеля сябе, але і дзеля мамы. Тым больш, што з ёй у мяне звязана больш вясёлых момантаў, і сумаваць, калі кажу пра яе, не хочацца.

На тэлефоне ў мяне стаіць будзільнік на 23.00. У лістах мы з мамай дамовіліся, што кожны дзень у гэты час будзем у думках гуляць па Мінску. У мяне такія "прагулкі" атрымліваюцца не вельмі, таму ў гэты час я проста ўяўляю маму побач. Звычайна да адзінаццаці мы з татам і братам уключаем якое-небудзь кіно, і я думаю, што мама сядзіць з намі. Часам абураецца — маўляў, які дзіўны фільм мы глядзім, давайце выключым.

Мне вельмі не хапае яе абдымкаў, але я ведаю: мы хутка сустрэнемся і абдымемся. А пакуль яна абдымае мяне ў кожным лісце. Я ведаю, што мы з ёй побач, неба над усімі адно. І гэта заўсёды надае мне сіл, спадзяюся, ёй таксама.

Паводле baj.by