Дабраліся да самых безабаронных. Мінрайвыканкам ліквідуе арганізацыю «Каманда «Крылы анёлаў»»
Мінскі райвыканкам ліквідуе арганізацыю «Каманда "Крылы анёлаў"» — некамерцыйную ўстанову, якая аб’ядноўвае фізічна здаровых аматараў актыўнага ладу жыцця і сем’і, якія сутыкнуліся з праблемамі інваліднасці.
Памятаеце на паўмарафоне людзей, якія бягуць з дзецьмі ў інвалідных вазках? Вось гэта «Каманда “Крылы анёлаў”». Аб ліквідацыі арганізацыі Zerkalo.io распавёў яе дырэктар Дзмітрый Цімашкоў.
Паводле яго слоў, рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі, мяркуючы па інфармацыі, размешчанай на сайце Адзінага дзяржаўнага рэгістра, Мінскім райвыканкамам было прынята 26 ліпеня.
— Логіка ўлад мне незразумелая. Мы не налівалі бензін у бутэлькі, а дапамагалі людзям з інваліднасцю жыць крыху больш актыўна і весялей. Ці з’яўляюцца нападкі на сацыяльную сферу спланаванымі, ці гэта проста едзе каток па любым жывым у грамадстве — мне таксама незразумела, — кажа Дзмітрый.
Арганізацыя «Каманда “Крылы анёлаў”» была зарэгістраваная ў 2015 годзе. У верасні таго года Дзмітрый Цімашкоў разам са сваёй дачкой Ліляй, у якой цяжкая форма інваліднасці, прабеглі Мінскі паўмарафон. Дзмітрый бег, Ліля ехала ў вазку. А потым усё неяк закруцілася, і вось ужо некалькі гадоў удзельнікі каманды дзяцей з цяжкай інваліднасцю і аматараў бегу збіраліся на сумесныя трэніроўкі, удзельнічалі і арганізоўвалі спартыўныя мерапрыемствы для сябе і дзяцей.
У 2017 годзе арганізацыя ініцыявала стварэнне інклюзіўнага спортклуба «Крылы анёлаў».
— Мы не рабілі нічога супрацьпраўнага, да нас не было ніякіх прэтэнзій, нас ні пра што не інфармавалі. Мы не ведаем, з чым звязана такое рашэнне ўлад, але яно прынятае без нас, і, мабыць, гэта проста так не пройдзе. Нам вельмі шкада гаварыць, што нашы планы, верагодна, таксама будуць парушаныя. Тым больш шкада, што будуць парушаныя і нашы абавязальніцтвы. Зусім нядаўна мы пачалі прыём заявак на восеньскі «Бегапарк-2021», і ёсць людзі, якія ўжо зарэгістраваліся. На жаль, сёння мы вымушаныя сказаць, што правядзенне «Бегапарка» пад вялікім пытаннем. Мы думаем, як вырашыць праблему з ужо унесенымі дабрачыннымі ўнёскамі, — напісана на старонцы арганізацыі ў Facebook.
Дзмітрый распавядае, што рашэнне Мінскага райвыканкама выклікала ў яго здзіўленне. Але адзначае, што, нягледзячы на ліквідацыю арганізацыі, кідаць сваю справу не збіраецца.
— У якім выглядзе я працягну — пакуль не ясна, але падзеі развіваюцца хутка, і, мабыць, ужо хутка стане ясна. Бурлівыя ручаі звычайна кароткія — а доўгімі бываюць толькі шырокія і спакойныя рэкі, — кажа Дзмітрый.