«Знойдзем новыя фарматы і новыя месцы». «Студыю карысных кампетэнцый» у Гродне таксама ліквідуюць
Прыватная ўстанова «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых "Студыя карысных кампетэнцый"» таксама знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 23 ліпеня.
«Студыя карысных кампетэнцый» пачала працу ў снежні 2014 года. Мэта ўстановы — спрыянне развіццю асобы, атрыманню ведаў і ўменняў, неабходных для жыцця. «Студыя» прапануе разнастайныя курсы, трэнінгі, майстар-класы, якія дапамогуць атрымаць карысныя веды і кампетэнцыі. За час існавання «Студыі» было арганізавана больш за 100 курсаў, больш за 50 тэматычных трэнінгаў і майстар-класаў, у праграмах установы ўдзельнічала больш за 1500 чалавек. У «Студыі» ёсць партнёры ў Беларусі, Польшчы, Літве, Грузіі, Украіне, Расіі, Германіі, Арменіі, піша Hrodna.life.
— Мы з мужам пачалі сваю працу ў некамерцыйным сектары з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. На нашых вачах раслі і развіваліся асобы, прафесіяналы, новыя арганізацыі. Нас шмат хто ведае не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Дзе б мы ні былі, мы прэзентавалі сябе, свае справы, свой горад і краіну на годным узроўні, — узгадала дырэктарка ўстановы Лана Руднік.
Яе муж Вітаўт Руднік — адзін са стваральнікаў грамадскай арганізацыі «Цэнтр "Трэці сектар"». Арганізацыю правярае Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Лана адзначыла, што знайшла інфармацыю пра ліквідацыю «Студыі карысных кампетэнцый» самастойна — ёй пра гэта не паведамілі.
— Адбылося гвалтоўнае закрыццё, альбо ліквідацыя, тых, хто бачыў місіяй сваёй вырашэнне грамадска-значных праблем, дапамогу тым, каму баліць. Каму не хапае ўвагі, каму не хапае інфармацыі, хто хоча развівацца. <…> Чаму так адбылося? Напэўна, пры папушчальніцтве большасці, пры нашым раўнадушшы, пры тым, што часта маўчалі, дзе трэба было крычаць, — лічыць Лана.
Тым не менш, яна з камандай працягне працаваць. «Мы не кінем у самоце людзей, якія былі разам з намі. Мы знойдзем новыя фарматы і новыя месцы для працы. Мы ганарымся ўсім тым, што зрабілі дагэтуль і зробім яшчэ больш», — заключыла дырэктарка.
Сярод самых вядомых праграм і праектаў, якія рэалізуе «Студыя»: «Універсітэт Залатога Веку» для сталых людзей, Школа Сучаснай Журналістыкі, школы і курсы па медыяпісьменнасці для падлеткаў і сталых людзей, школа па развіцці медыякампетэнцый «PRodvizhenie», школа сацыяльнага прадпрымальніцтва «Good Impact», кампанія «Горад, прыязны да сталых людзей» і іншыя.
За апошні тыдзень беларускія ўлады ліквідавалі дзясяткі беларускіх недзяржаўных арганізацый — больш за 40.