Да пачатку тыдня Швецыі ў Мінску засталося 4 дні

З 30 мая па 4 чэрвеня 2016 года Пасольства Швецыі ладзіць у Мінску Тыдзень Швецыі, прысвечаны шведскай мове, культуры, адукацыі і эканоміцы.

tydzen_szvecyi.jpg


31 мая ў 18.00 Пасольства Швецыі запрашае ўсіх на Дзень шведскай мовы, культуры і адукацыі «Спазнай Швецыю» ў кінатэатр “Победа” (вул. Інтэрнацыянальная, 20). Мерапрыемства адбудзецца пры ўдзеле прадстаўнікоў Шведскага Інстытута (Стакгольм) і Цэнтра шведскіх даследаванняў. З прывітальным словам выступіць Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг.


У фае кінатэатра можна будзе пазнаёміцца з інфармацыяй пра адукацыйныя праграмы ў Швецыі, а таксама паразмаўляць з беларусамі, якія ўжо навучаліся па розных шведскіх праграмах і гатовыя падзяліцца сваім досведам. Таксама можна будзе напрамую задаць пытанні прадстаўнікам Шведскага Інстытута, якія зробяць на сцэне кінатэатра прэзентацыю шведскіх адукацыйных праграм на наступны год. Дырэктарка Цэнтра шведскіх даследаванняў распавядзе пра магчымасці вывучэння шведскай мовы ў Мінску. Не забудземся мы і на Нобелеўскую тэматыку, надзвычай актуальную для Беларусі сёлета. А кожны, хто пажадае, зможа паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай Швецыі. Пераможцаў чакаюць прызы.  Уваход на мерапрыемства вольны.


З 31 мая па 4 чэрвеня ў кінатэатры “Победа” пройдзе Фестываль шведскага кіно ў Мінску, які ўжо стаў традыцыйным і палюбіўся нашым гледачам. Уваход на фестываль вольны.Квіткі на фільмы можна атрымаць у касе кінатэатра з 18.00 перад кожным паказам.


31 мая  ў  20.00 адбудзецца адкрыццё фестываля з удзелам Пасла Швецыі Марціна Оберга і паказ драмы Аманды Адальфсан  “Юная Сафі Бэл” (2014).


Па заканчэнні школы ўрэшце пачынаецца сапраўднае жыццё... Прынамсі так мяркуюць лепшыя сяброўкі Сафі і Аліс пра свой хуткі пераезд у Берлін.   Аднак гэтыя мары разбіваюцца ўшчэнт пасля таго, як Аліс раптоўна і таямніча знікае. У пошуку адказаў Сафі ідзе па слядах сяброўкі праз Берлін, здзяйсняючы лёсавызначальнае падарожжа, якое адкрые ёй вочы на свет незалежнасці. Пазбаўляючыся ад комплексаў, Сафі адкрывае для сябе прыгожы, пачуццёвы, паэтычны, але адначасова жорсткі, таямнічы і змрочны свет.


1 чэрвеня ў 19.00 запрашаем падлеткаў на прыгодніцкі фільм Марціна Хёгдаля “Ледзяны цмок”  (2012). Паказ фільма прымеркаваны да Сусветнага дня абароны дзяцей. Фільм дэманструецца супольна з офісам ЮНІСЕФ у Беларусі.


Стужка расказвае пра прыгоды 11-гадовага хлопчыка Міка і ягоныя пошукі новага дома. Мік уцякае на ледзяным цмоку, зарабляе свае першыя грошы на кошках, сустракае сваё каханне і ўрэшце знаходзіць дарогу дамоў. Прыгодніцкі фільм для дзяцей і падлеткаў расказвае пра значэнне сям’і ды сяброўства і пра тое, як важна знайсці шлях дадому – як у рэальнасці, так і ў сваім сэрцы.


2 чэрвеня ў 19.00 будзе дэманстравацца драма  Роні Сандаля “Чортава шведка” (2015).


Дзіна, 23-гадовая шведская дзяўчына, як і тысячы яе маладых суайчыннікаў, перабіраецца ў пошуках працы ў нарвежскую сталіцу Осла. Там яна трапляе ў пастку недахопу грошай, часовай працы і бурных гулянак. Аднак яе жыццё змяняецца пасля таго, як яна знаходзіць месца аканомкі ў заможнага экс-спартоўца. На працягу некалькіх гарачых летніх тыдняў Дзіна апынаецца ў цэнтры напружанага любоўнага трохкутніка...


3 чэрвеня ў 19.00 мінчан і гасцей сталіцы запрашаем паглядзець драму  Ханэса Хольма  “Па-за блакітнымі нябёсамі”  (2010).


Марцін збягае ад бацькі-алкаголіка, шукае часовую працу на лета і знаходзіць яе – працу, якую ён ніколі не забудзе. Элітны яхтынг-клуб, ідылічная прыгажосць Стакгольмскага архіпелага, 1975 год...  Тут Марцін сустракае сваё першае каханне, і тут над ім бярэ шэфства стары плейбой Ёста... У выніку малады чалавек апынаецца ў самым цэнтры аднаго з найбуйнейшых скандалаў у крымінальнай гісторыі Швецыі.


4 чэрвеня ў 19.00 Фестываль шведскага кіно ў Мінску закрываецца  знакамітай камедыяй Фелікса Хернгрэна “100-гадовы стары, які вылез праз акно і знік (2013).


У дзень свайго стагоддзя Алан Карлсан вылазіць праз акно дома састарэлых і пускаецца ў падарожжа, дзе яго чакаюць неверагодныя сустрэчы і падзеі. Хутка гледачу становіцца зразумела, што ўсё жыццё старога – гэта суцэльныя прыгоды. У розны час той быў знаёмы з Трумэнам, Сталіным, Рэйганам і нават здолеў паўплываць на гісторыю ХХ стагоддзя, застаўшыся пры гэтым самім сабой.


З 31 мая па 4 чэрвеня, падчас фестываля, у фае кінатэатра “Победа” будзе дэманстравацца фотавыстава “Мазаіка жыцця. Роля сям’і ў шведскім грамадстве». Праект падрыхтаваны Шведскім Інстытутам (Стакгольм) і рэалізуецца ў Беларусі Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).


Дзеці, іх бацькі, праца, дом, эканамічнае становішча і роўныя правы: усе гэтыя часткі складаюць адно цэлае, што ў Швецыі завецца “мазаікай жыцця”. У фокусе выставы – роля бацькі і тое, што можа зрабіць дзяржава і грамадства для пераадолення стэрэатыпаў пра размеркаванне роляў у сям’і, вырашэнне пытанняў роўнасці ў сямейным і працоўным жыцці.


Урад Швецыі звяртае вялікую ўвагу на тое, каб ва ўсіх палітычных рашэннях быў улічаны аспект роўнысці правоў. Працягваецца актыўнае садзеянне таму, каб ба́цькі таксама бралі адпачынак па доглядзе за дзіцем. У сучаснай Швецыі адна з самых прасунутых у свеце сістэмаў выплат дапамогі на дзяцей. За гэтыя гады вырасла цэлая генерацыя бацькаў, для якіх адпачынак па доглядзе за дзіцем з’яўляецца звыклай практыкай. Выстава складаецца з 22 фотаздымкаў і тэкстаў да іх, якія апісваюць розныя бакі штодзённага жыцця сучасных шведскіх сем’яў.


3 чэрвеня  ў  Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адкрываецца выстава SUSTAINIDENTITYбеларуска-шведскай мастачкі Людмілы Хрысцесевай. Выстава ладзіцца пры падтрымцы AIT Architecture Швецыя і будзе працаваць да 3 ліпеня.


Выстава Sustainidentity ставіць пытанне аб гендэрнай ідэнтычнасці. Жанчынай нараджаюцца або становяцца? Што ўплывае на наша ўспрыманне жаночага цела і вобразу? Як адбіваюцца розныя культуры, у якіх мы жывем, на наша ўспрыманне саміх сябе як жанчын? Для таго, каб зразумець хто мы ёсць сёння і кім мы хочам стаць заўтра, трэба здзейсніць падарожжа ў мінулае і пашукаць адказ на гарышчы сваёй памяці. Менавіта там хаваюцца адказы на многія нашы пытанні. Уласна таму дадзеная выстава мае рэтраспектыўны характар - яна распавядае гісторыю мастачкі. Людміла Хрысцесева прыадчыняе для гледача заслону сваёй біяграфіі і запрашае паразважаць над тым, як жанчына з Усходняй Еўропы ўпісваецца ў заходнееўрапейскае грамадства, дзе пануе раўнапраўе палоў.


3 чэрвеня ў актавай зале Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна (вул. Гікала, 4) адбудзецца пастаноўка “Фрэкен Жулі” Аўгуста Стрындберга. Мерапрыемства, арганізаванае супольна з Цэнтрам шведскіх даследаванняў, адкрые Пасол Швецыі Марцін Оберг. Уваход вольны.


Пастаноўку “Фрэкен Жулі” па-беларуску студэнты Цэнтра шведскіх даследаванняў, факультэта міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ажыццявілі пад кіраўніцтвам шведскага драматурга, тэатральнага рэжысёра і актора Лейфа Ульсана. “Фрэкен Жулі” – п’еса шведскага класіка Аўгуста Стрындберга, напісаная ў 1888 годзе, апавядае пра класавую няроўнасць і маральны выбар – тэма, якая і дасюль застаецца актуальнай у сучасным грамадстве.


У 2012 годзе п’еса “Фрэкен Жулі” ўжо дэманстравалася ў Мінску ў рамках тэатральнага фестываля “Куфар”, дзе мела поспех у гледачоў.


Таксама 30 мая ў рамках Тыдня Швецыі пройдзе семінар для выпускнiкоў Стакгольмскай школы эканомiкi ў Рызе і праграм Шведскага Інстытута, арганізаваны пры ўдзеле прадстаўнікоў Стакгольмскай Школы Эканомiкi ў Рызе і Шведскага Інстытута (Стакгольм). З прывітальным словам да ўдзельнікаў выступіць Пасол Швецыі Марцін Оберг. Галоўным спікерам семінара запрошаны Мортэн Хансэн, кіраўнік дэпартамента эканомікі Стакгольмскай Школы Эканомiкi ў Рызе. Таксама выступіць  прадстаўнiца аддзела адукацыі Стакгольмскай Школе Эканомiкi ў Рызе Санта Зейдака. Кiраўнiк праграм Шведскага Iнстытута Маркус Буман раскажа пра дзейнасць Шведскага Iнстытута ў Балцкiм рэгiёне.


1 чэрвеня ўМінскай сярэдняй школе №25 з інтэграваным навучаннем і выхаваннем дзяцей будуць паказаныя дзіцячыя спектаклі“Мама Му ў басейне”.


Дзіцячы спектакль “Мама Му ў басейне” лялечнага тэатрыка «Лямцавая батлейка» створаны паводле аднайменнай кніжкі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Дзяцей чакаюць новыя прыгоды вяселай кароўкі ды яе найлепшага сябра Крумкача. Лялькі і дэкарацыі для спектакля зробленыя ў традыцыйнай для Беларусі тэхніцы валяння з экалагічнага матэрыялу – воўны. Спектакль завяршыцца невялічкім майстар-класам, на якім дзеткі самі зробяць сувеніры на памяць пра цудоўную сустрэчу.

Мерапрыемства арганізаванае супольна з офісам ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь і прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Адкрыюць імпрэзу ў 11.00 Пасол Швецыі Марцін Оберг і Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар.