«Цынічна раскідаў металічныя прадметы тыпу «Ёж»
Падвечар 5 лютага міліцыянты зладзілі ператрус у аднаго са старэйшых журналістаў Гомельшчыны Анатоля Гатоўчыца, паведамляе «Народная Воля».
Чарговы, трэці па ліку вобшук за год, міліцыя ўчыніла ў Гомелі падвечар 5 лютага ў аднаго са старэйшых журналістаў рэгіёна Анатоля Гатоўчыца.
Гэтым разам да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Чыгуначнага РАУС — Алег Федзяй, Станіслаў Лукаўцоў. Яшчэ адзін міліцыянт не назваў свайго прозвішча ўцямна, паўтарыць адмовіўся — «Я вам не папугай, каб паўтараць». У пастанове на вобшук не было санкцыі пракурора горада Булынкі, хоць прозвішча яго стаяла ў верхнім правым кутку пастановы.
«Мы паведамім пракурору пазней, бо сёння субота, пракуратура не працуе», — тлумачылі міліцыянты.
Журналіст стаў пытацца пра аператыўную падставу для вобшуку — што адбылося такога, што ажно трое афіцэраў рынуліся на кватэру ў выходны дзень з вобшукам?
«Бел-чырвона-белыя сцягі ў доме ёсць?» — не вытрымаў малады супрацоўнік, каторы не захацеў назваць прозвішча для запісу.
Пытанне, апроч рогату, нічога не выклікала.
Маёр Федзяй стаў тлумачыць, што 3 лютага а 20 гадзіне каля ўпраўлення ДАІ на вуліцы Федзюнінскага нехта раскідаў металічныя шыпы, і гэта мог быць журналіст.
У пастанове на вобшук пазначана, што зламыснік, «дзейнічаючы з выключным цынізмам, раскідаў 48 канструкцый тыпу "ЁЖ"».
«Я стаў пытацца ў маёра, — расказвае Анатоль, — павінны ж быць нейкія факты, каб падазраваць? Федзяй без усякага вагання заявіў, што ёсць фотаздымак, праўда, не надта выразны, камплекцыя нібыта адпавядае маёй. Цікаўлюся: «Ну, а вопратка на «цыніку» якая на тым здымку»? Маёр паглядзеў на зімовую куртку, якая вісела ў вітальні, і кажа: «Во, падобная на вашу». Адказваю старшаму афіцэру, што ў гэтай куртцы я хаджу толькі ў выходныя, а на будні дзень у мяне зусім іншая».
Анатоль дадае, што ад яго дома ў цэнтры да ДАІ як найменей за шэсць кіламетраў — дзяржінспекцыя знаходзіцца на паўночнай ускраіне горада. І прыдумаць, што ўвечары 3 лютага ён знаходзіўся на вуліцы Федзюнінскага, мог толькі чалавек не ў сваім розуме.
Тым часам малады міліцыянт стаў раскрываць у бліжэйшым ад вітальні пакоі шафы, выцягваць шуфляды, фатаграфаваць адзенне. Тое ж рабіў і ў астатніх пакоях, на што атрымаў пратэст ад гаспадароў. Убачыўшы на стале расійска-беларускі слоўнік Некрашэвіча і Байкова, таксама сфатаграфаваў, бо на ім былі чырвоныя гербы «Пагоня» і «БССР» ды іншыя мастацкія аздобы. Пэўна, добра, што сфатаграфаваў, бо хоць прачытае эпіграф, вынесены на вокладку: «Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашай ніваю». А яшчэ маладзён стараўся гаварыць па-беларуску, праўда, нёс нейкую бязглуздзіцу: «А гдзе вы былі ў жніўні, кагда нас, міліцыянераў, жглі на плошчы Леніна?» (гамяльчане ведаюць, што ў тыя дні на плошчы быў брутальна затрыманы міліцыяй 25-гадовы жыхар Аляксандр Віхор, які праз двое сутак апынуўся ў моргу).
Пасля вобшуку міліцыянты апыталі Анатоля Гатоўчыца, які патлумачыў, што 3 лютага ўвечары быў дома і ніякім чынам не мог знаходзіцца каля ДАІ. Да таго ж Анатоль у свой час быў нават грамадскім аўтаінспектарам у гэтай службе, яе кіраўнікі ахвотна падвозілі журналіста на сотню кіламетраў, калі трэба было хутка патрапіць на месца падзеі па журналісцкіх справах.
Вобшук у кватэры Гатоўчыца доўжыўся каля гадзіны і скончыўся блізу 17.00. Ні «ёжыкаў», ні «кракадзілаў» у доме не выявілі і нічога не забралі. Толькі жонцы Марыі, таксама журналістцы, давялося выклікаць хуткую медычную дапамогу.
«Не трэба быць вялікім правідцам, — зазначае Анатоль, — каб не разумець, што ўлады перад рэферэндумам па Канстытуцыі дазачышчаюць інфармацыйнае поле, імкнучыся навесці паболей страху ў грамадстве, і ў журналісцкай супольнасці тым болей».
Анатоль Гатоўчыц — паўстагоддзя ў журналістыцы. Працаваў у газетах «Советская Белоруссия», «Народнай газеце», «Наша Свабода» ды некаторых іншых агульнанацыянальных медыя. Цяпер ён на пенсіі, у апошні час супрацоўнічае з газетай «Народная Воля».