ЦВК: Подпісы за Віктара Цярэшчанку прызнаныя несапраўднымі
Паводле папярэдніх звестак тэрытарыяльных выбарчых камісій, больш за 100 тысяч сапраўдных подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, здалі чатыры прэтэндэнты на вышэйшую пасаду дзяржавы.
Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце Цэнтрвыбаркама.
Паводле звестак ЦВК, найбольшую колькасць сапраўдных подпісаў сабрала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі — 1 млн. 753 тыс. 380.
Сапраўднымі прызнаныя 149 тыс. 819 подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва" Мікалая
Улаховіча.
Ініцыятыўная група старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча сабрала дакладных подпісаў 139 тысяч 877.
Пераадольвае 100-тысячны бар'ер і каманда актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч. Сапраўднымі прызнаныя 105 тыс. 278 подпісаў, сабраных у падтрымку яе вылучэння
кандыдатам у прэзідэнты.
Большасць подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты эканаміста Віктара Цярэшчанкі, прызнаныя несапраўднымі. Яго ініцыятыўная група здала ў тэрытарыяльныя камісіі прыкладна 130
тысяч подпісаў, сапраўднымі прызнаныя толькі 6 тысяч 699 подпісаў.
"Пакуль нічога не магу сказаць наконт гэтага. Усё гэта падобнае на анекдот", — пракаментаваў БелаПАН гэтую інфармацыю Цярэшчанка, які знаходзіцца ў
аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Пры гэтым палітык лічыць, што яго атруцілі 28 жніўня.
Нагадаем, у зборы подпісаў удзельнічалі яшчэ тры ініцыятыўныя групы.
Ініцыятыўная група беспрацоўнай настаўніцы з Брэста Жанны Раманоўскай здала ў тэрытарыяльныя камісіі 780 подпісаў, старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет"
Сяргея Калякіна — 48, старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі — нуль.
Плануецца, што рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты адбудзецца на пасяджэнні ЦВК 10 верасня.
Пятыя выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН