«Coursera»: Беларусь першая ў Еўропе па ІТ-навыках. І другая ў свеце
Адукацыйная анлайн-пляцоўка «Coursera» абнавіла справаздачу «Global Skills Index», у якой аналізуе попыт на размешчаныя курсы і паспяховасць іх праходжання слухачамі з розных краін свету, паведамляе dev.by.
У 2021 годзе было даследавана 77 мільёнаў студэнтаў у больш чым 100 краінах. Як звычайна, разглядаліся тры катэгорыі ведаў: Business, Technology і Data Science.
Краіны параўноўвалі адну з адной і падзялялі на 4 групы ў залежнасці ад узроўню кампетэнтнасці па той ці іншай катэгорыі:
- перадавыя (cutting-edge)
- канкурэнтныя (competitive)
- краіны, якія развіваюцца (emerging)
- адсталыя (lagging)
Беларусь заняла 12-е месца ў агульнасусветным заліку і 10-е месца — па Еўропе. Амаль усе краіны, якія абышлі Беларусь, — з Еўропы, за выключэннем Японіі (4) і Сінгапура (11). У топ-3 патрапілі Швейцарыя, Люксембург і Аўстрыя, Расія стала 9-й.
У катэгорыі бізнес-скілоў Беларусь размясцілася ў групе «канкурэнтных» краін толькі на 50 радку глабальнай шкалы і на 25-м радку — у еўрапейскім спісе. Гэты вынік трохі горшы, чым у мінулым годзе: тады ў Беларусі было 32-е і 21-е месцы адпаведна.
Аўтары адзначылі, што Беларусь разам з некаторымі іншымі ўсходнееўрапейскімі краінамі — такімі, як Расія, Украіна, Эстонія і Літва, — вызначылася якасцю набытых навыкаў у HR-кірунку — яны асабліва моцныя ў HR-аўтсорсінгу. Аднак у цэлым у гэтай катэгорыі краіны Усходняй і Паўднёвай Еўропы саступаюць сваім «заходнім» суседкам.
Затое ў тэхналагічнай катэгорыі Беларусь упершыню заняла лідзіруючую пазіцыю па Еўропе. У сусветным рэйтынгу, як і ў мінулым годзе, Беларусь займае 2 месца, але на гэты раз яе абагнала не Расія, а Японія.
У агульным спісе Расія стала 9-й, Украіна — 8-й. Паводле слоў аналітыкаў, Беларусь, разам з Фінляндыяй, Балгарыяй і іншымі краінамі, значна перасягнула Расію па воблачных вылічэннях. Выдатныя паказчыкі Беларусь дэманструе ў падкатэгорыях праграмавання, мабільнай і вэб-распрацоўкі, распрацоўкі ПЗ і тэарэтычнай інфарматыкі.
У галіне Data
Science Беларусь заняла 11-е месца ў глабальным заліку і 10-е — па Еўропе.
Наперадзе — Фінляндыя (1), Расія (4) і іншыя. У 2020-м у Беларусі было 8 месца
ў свеце і Еўропе.