Ціханоўская, Лукашэнка і Беларус. Расійская газета «Ведомости» назвала персоны года
У традыцыйным штогадовым спецпраекце «Ведомостей» абралі персоны 2020 года. Рэдакцыя і чытачы галасавалі за кандыдатаў у шасці намінацыях, а некаторыя вынікі аказаліся вельмі нечаканымі.
Адметна, што сярод персон года аказаўся... Беларус.
«У 2020 годзе высветлілася, што мы ў Расіі шмат чаго не ведаем пра Беларусь. І асабліва пра яе жыхароў. Беларусы спакойныя, добразычлівыя і несвавольныя. Любяць чысціню і парадак у доме і ў дзяржаве. Верагодна, таму Аляксандр Лукашэнка, які забяспечваў гэты парадак, выйграваў выбары ў краіне пяць разоў за 26 гадоў.
Але 9 жніўня 2020 года мільёны беларусаў не паверылі, што ён выйграў у шосты раз. З тых часоў, ужо чатыры месяцы, у краіне не спыняюцца акцыі грамадзянскага непадпарадкавання. Пратэсты нязгодных былі і на папярэдніх трох выбарах, але ніколі на вуліцы не выходзіла так шмат людзей, як цяпер. Кожны, хто выходзіць, здзяйсняе грамадзянскі ўчынак.
Цана ўчынку стала ясная адразу ж пасля першых стыхійных дэманстрацый, якія не мелі адзінага лідара і цэнтра арганізацыі. Могуць біць на вуліцы, у аўтазаку і ў СІЗА. Трамбаваць у перапоўненай камеры, не даваць вады і ежы, пазбаўляць медыцынскай дапамогі, трымаць у невядомасці сваякоў. Могуць забіць, як Аляксандра Тарайкоўскага і Рамана Бандарэнку.
Дакладна не вядома, колькі людзей выходзіла за ўвесь час на акцыі пратэсту, — у сілавікоў і праваабаронцаў розны лік. Улады не публікуюць зводную статыстыку, колькі чалавек падвергліся пакаранням. Свае спісы вядзе беларускі праваабарончы цэнтр "Вясна", які ў справаздачы за лістапад паведамляе: колькасць затрыманых звыш 30 000, супраць 900 распачатыя крымінальныя справы, 146 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
Пераважная большасць пратэстоўцаў — звычайныя людзі. Настаўнікі, рабочыя, інжынеры, лекары, студэнты, якія, хутчэй за ўсё, раней былі далёкія ад палітыкі. Гэта грамадзяне, якія зрабілі асабісты выбар у адпаведнасці са сваім разуменнем вядомых цяпер усяму свету слоў: «Жыве Беларусь».
Адной з персон, за якія прагаласавала рэдакцыя, стала экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская.
«Ад хатняй гаспадыні да сімвала беларускага пратэсту — кар'ера Святланы Ціханоўскай была ў 2020 глдзе імклівай. Але сама яна нічога такога не планавала — біяграфію ёй зрабілі беларускія ўлады. Муж Святланы, апазіцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі, спачатку не быў дапушчаны да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, а потым адпраўлены за краты. Вось тады замест яго на выбары і пайшла жонка.
Паводле афіцыйных даных, на выбарах 9 жніўня Ціханоўская набрала 10% галасоў супраць 80% у Аляксандра Лукашэнкі. Каардынацыйная рада беларускай апазіцыі і пратэстоўцы ўпэўненыя, што як раз Ціханоўская атрымала большасць, а дзеючы прэзідэнт ёй з трэскам прайграў. Неўзабаве пасля выбараў улады вымусілі яе пакінуць краіну і запісаць відэа з адмовай ад палітычнай дзейнасці. Але ў Літве Ціханоўская абвясціла сябе «выбраным народам прэзідэнтам» і заручылася падтрымкай Захаду — выступала ў Еўрапарламенце, сустракалася з рознымі сусветнымі палітыкамі і заклікала ЕС увесці санкцыі супраць Беларусі.
Самая сябе Ціханоўская ацэньвае цяпер як пераходнага лідара. Яна заяўляла, што яе задача — забяспечыць мірную перадачу ўлады і правесці новыя выбары. Аднак улада ў асобе Лукашэнкі не збіраецца весці перамовы — ні з ёй, ні з іншымі прысутнымі. Хоць і ясна, што ставіцца да Ціханоўскай проста як да «прыватнай асобы» ўжо не атрымліваецца», — пішуць «Ведомости».
Былы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама трапіў у пералік персон года.
«Былы прыкладна да 2001 года галоўным саюзнікам Расіі, а затым прызнаным майстрам шматвектарнасці, у 2020 годзе, на 26-м годзе свайго кіравання, беларускі лідар сутыкнуўся з самым вострым крызісам сваёй улады. Прычым, як гэта часта бывае, ён сам яго і справакаваў. Спачатку першы прэзідэнт Беларусі стаў COVID-дысідэнтам, што, мякка кажучы, не знайшло разумення ў насельніцтва. А потым у Беларусі здарыліся выбары.
У сістэме ўлады ключавыя рашэнні ў рамках выбарчай кампаніі, вядома, зацвярджаюцца асабіста Лукашэнка. А значыць, менавіта ён дазволіў збіраць подпісы не толькі Сяргею Ціханоўскаму, але і Віктару Бабарыку з Валерыем Цапкалам. Збор подпісаў ператварыўся ў стыхійную акцыю недаверу асабіста Лукашэнку, таму Ціханоўскага і Бабарыку прыйшлося саджаць у турму, а Цапкалу — не прапускаць праз фільтр ЦВК. Для незадаволеных было вырашана пакінуць Святлану Ціханоўскую — верагодна, маючы на ўвазе, што за жанчыну простыя людзі галасаваць ужо дакладна не пойдуць. Пры гэтым у краіне была забароненая сацыялогія. А калі незадоўга да выбараў было абвешчана, што рэйтынг Лукашэнкі — 70%, стала ясна, што менш за 80% ён на выбарах атрымаць не можа — несалідна. Далейшае вядома.
Зрэшты, нягледзячы на шматмесячныя пратэсты і вельмі асцярожнае, але відавочнае падштурхоўванне Лукашэнкі да рэформаў, змяняць што-небудзь сур'ёзна ён не збіраецца. Крызіс у Беларусі паказаў, што беларусы гатовыя доўга, упарта і масава пратэставаць, але рэжым ня расколваецца, а лаяльнасць сілавых структур кіраўніку захоўваецца. Знешні ціск на яго ў сілу шэрагу прычын таксама неэфектыўны. Увогуле, першы раўнд найвострага крызісу застаўся за Лукашэнкам. 2021 год пакажа, чым усё скончыцца».