Ці будзе ў Беларусі паведамляльны прынцып арганізацыі мітынгаў?
У Беларусі хочуць змяніць закон «Аб масавых мерапрыемствах». Праект дакумента адпраўлены ў Палату прадстаўнікоў. Тэкст апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by.
Да прыняцця зменаў пройдуць ўзгадненні, кансультацыі і абмеркаванні. Некаторыя палажэнні ў праекце могуць знікнуць або змяніцца.
Змены мяркуюць, што акрамя заяў на правядзенне мерапрыемстваў, можна будзе падаваць паведамленні, піша tut.by. Праўда, гэты прынцып будзе працаваць толькі для месцаў, якія ўлады вызначылі як пастаянныя для масавых мерапрыемстваў.
— У міжнародных стандартах у галіне свабоды сходаў ёсць два асноўных падыхода да працэдуры ўзгаднення сходу: заяўны і паведамляльны. Існуючы закон утрымлівае толькі адзін падыход, заяўны, пры якім арганізатары просяць па апісанай працэдуры ў законе дазволу сабрацца ва ўстаноўленым iмi месцы. А паведамляльны прынцып прадугледжвае, што мы паведамляем аб тым, што збіраемся там-то і там-то, і дзяржава, калі бачыць небяспеку «грамадскай бяспекі, грамадскаму парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў» па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, мае права ўмяшацца і забараніць сход. Варта памятаць, што такі падыход у нас у выпадку прыняцця паправак будзе рэалізаваны толькі ў дачыненні да месцаў, якія вызначаны мясцовым выканаўчым органам. Для большасці гарадоў, калі не для ўсіх, такія месцы ўжо вызначаны. І на мой погляд, яны не самыя «цэнтральныя», што часцяком нівеліруе сэнс правядзення сходу, — каментуе tut.by праваабаронца Міхаіл Мацкевіч.
Плануецца, што ў тым ліку нельга будзе публічна заклікаць да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства да атрымання дазволу на яго арганізацыю. Згодна з дзеючым законам нельга толькі аб'яўляць аб даце, месцы і часе правядзення мерапрыемства, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы ў СМІ, інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках.
Таксама ў праекце ідзе гаворка пра тое, што ўлады будуць прымаць рашэнне аб правядзенні масавых мерапрыемстваў з улікам таго, якія арганізатар ужо прыняў меры па аплаце паслуг па ахове грамадскага парадку, расходаў, звязаных з медабслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення масавага мерапрыемства.
Мяркуецца, што кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або яго намеснiк пры разглядзе заявы аб масавым мерапрыемстве можа па ўзгадненні з арганізатарам змяніць не толькі дату, месца і час мерапрыемства, але і яго выгляд.
Праект прапануе адрэгуляваць момант з працай журналістаў на масавых мерапрыемствах. Іх хочуць абавязаць насіць з сабой дакумент, які сведчыць асобу, і журналісцкае пасведчанне. Таксама, магчыма, трэба будзе сябе максімальна на мерапрыемстве пазначыць: насіць бейдж на бачным месцы, прыходзіць у камізэльцы з надпісам «прэса» або выкарыстоўваць нарукаўную павязку.
Пры гэтым арганізаваць масавыя мерапрыемствы не змогуць людзі з нязнятай або непагашанай судзімасцю за здзяйсненне злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць грамадскай бяспекі, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці ці супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання.
Мяркуецца, што арганізатары масавага мерапрыемства змогуць адмовіцца ад яго правядзення ў тым ліку і праз інтэрнэт.
Таксама ўнесена прапанова змяніць арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). За публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення мерапрыемства яго арганізатар, які з'яўляецца юрыдычнай асобай, згодна з праектам можа быць пакараны штрафам ад 20 да 100 базавых велічынь (ад 460 да 2300 рублёў). Калі зробіць гэта паўторна на працягу года, можа атрымаць штраф ад 20 да 200 базавых велічынь (ад 460 да 4 600 рублёў).
— Цяжка казаць пра нейкую лібералізацыі з нагоды прапанаваных зменаў. Многія запланаваныя папраўкі носяць тэхнічны характар — апісваюць ужо існуючую практыку ў літары закону, — рэзюмуе Міхаіл Мацкевіч.