Хрышчэнне Русі і гістарычная памяць: палітычны дыягназ
Уладзімір Пуцін, падчас учорашняй прамовы з нагоды свята хрышчэння Русі і 1000-годдзя смерці вялікага князя Уладзіміра, назваў хрышчэнне “ключавым паваротам у гісторыі і культуры Расіі”. Між іншым, такая значная падзея ў чарговы раз стала аб’ектам ідэалагічных маніпуляцыі расійскага кіраўніцтва.
Найбольш “пакутуе” пры гэтым гістарычная памяць. Расійскае кіраўніцтва свядома прыраўноўвае палітыка – геаграфічныя рэаліі ранняга сераднявечча да сённяшняга дня: па словах расійскага прэзідэнта, кіеўскі князь паклаў пачатак “моцнай цэнтралізаванай расійскай дзяржавы”.
На аснове летапісных тэкстаў можна сцвярджаць адваротнае: хрышчэнне хутчэй спарадзіла шэраг палітычных і сацыяльных канфлікатыў, чым прывяло да цэнтралізацыі.
Па – першае, хрышчэнне тых земляў, на якія з цягам часу будзе распаўсюджвацца найменне “Русь” адбывалася ва ўмовах арганізацыйнай канкурэнцыі. Паўночна — заходнія землі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў доўгі час былі аб’ектам спаборніцтва з боку асобных місіянераў рымскай і грэчаскай царквы, якія не былі звязаныя з князем Уладзімірам. Так, згодна з ісландскімі сагамі, Полацк быў ахрышчаны ля 1000 года ісландскім місіянерам Конрадам Кодранссанам. З рускіх летапісаў нам вядомыя спробы тураўскага князя Святаполка “Акаяннага” спыніць распаўсюджванне хрысціянства ўсходней традыцыі, для чаго ў Тураў з Польшчы быў запрошаны біскуп Рэйнберн. Ноўгарад, які хацеў захаваць палітычную незалежнасць ад Кіева, прыйшлося хрысціць “агнем і мячом”.
Па-другое, хрышчэнне растова-суздальскіх земляў, якія стануць асновай Уладзіміра-Суздальскай, а потым і Маскоўскай Русі, адбывалася вельмі марудна, з летапісаў нам вядомыя прыклады супраціву “цэнтралізатарскай” палітыцы кіеўскага князя. Так, першыя два біскупы Растова, родам з Грэцыі, вярнуліся дамоў, баючыся за сваё жыцце. Трэці біскуп, св. Лявонцій, быў забіты каля 1070 г. Толькі з сярэдзіны XII ст. можна казаць пра першыя поспехі кіеўскіх місіянераў на Растоўшчыне за межамі самога Растова. Яшчэ большы супраціў выклікала хрысціянізацыя на землях Мурамскага княства, дзе жыло шмат фіна – угорскіх плямёнаў. На працягу ўсяго XII стагоддзя праходзіла хрысціянізацыя племені вяцічаў. Такім чынам, пра больш – менш шчыльную хрысціянізацыю Паўночна – Усходняй Русі можна казаць толькі ў XIII ст., напярэдадні мангольскага нашэсця.
А значыць, сцвярджаць місіянерскую ролю князя Уладзіміра можна перадусім ў дачыненні да паўдневарускіх (сучасных украінскіх) земляў.
Аднак праектуючы штучную гістарычную паслядоўнасць паміж летапіснай Руссю Уладзіміра і сучаснай Расіяй, расійскія эліты і РПЦ цяпер пакідаюць па-за ўвагай гісторыка-геаграфічны момант: хрышчэнне Русі, якое святкавалася з 1888 г. супольна ў Пецярбургу, Маскве і Кіеве, цяпер будзе адзначацца паасобку. Свята, якое ва Украіне афіцыйна завецца “хрышчэнне Русі – Украіны” не наведае расійскі прэзідэнт і маскоўскі патрыярх (як гэта было ў 2013).
Такім чынам, хрысціянізацыя і дагэтуль застаецца хутчэй раз’яднальным, чымся аб’яднальным фактарам для земляў і народаў былой Русі. Мабыць, так трэба разумець “ключавы момант” прэзідэнта Пуціна.