Чаму старая бытавая тэхніка амаль не псуецца?

А новую трэба мяняць кожныя некалькі гадоў?



ae16dd46.jpg

«Gazeta Wyborcza» публікуе артыкул амаль на цэлую паласу, у якім параўноўвае сённяшнюю бытавую тэхніку з тэхнікай, што выпускалася ў мінулыя часы.

Некалькі дзясяткаў гадоў таму фірмы выраблялі рэчы, якія працуюць па сённяшні дзень. Спадарыня Тэрэса з горада Чэнстахова мае на кухні кавамолку фірмы АКА з ГДР, якой 32 гады. І кавамолка працуе без праблемаў. У яе ёсць таксама кухонны камбайн з тых часоў, які, нягледзячы на ўзрост, таксама спраўляецца са сваімі задачамі. Адзінае, што не вытрымала часу, гэта гумовая пракладка. Спадарыня Тэрэса нават і не думае выкідваць камбайн: яна вырашыла замяніць пракладку і надалей ім карыстацца, бо ведае, што цяперашняя бытавая тэхніка не працягне і некалькі гадоў. Халадзільнік у яе хадзіў ажно 30 гадоў. «Я не магла дачакацца, каб сапсаваўся, бо хацела купіць новы і энергаашчадны», — гаворыць жанчына.

А вось у спадарыні Ядвігі на кухні кавамолка, міксер і мясарубка. Вырабленыя яны 35 гадоў таму на адным з заводаў у Польскай Народнай Рэспубліцы, на хаду па сённяшні дзень. Першая ў ПНР аўтаматычная пральная машына «Luna» працавала 25 гадоў, пыласос — 20. «Раней ніхто нават не думаў пра тое, што нешта сапсуецца. Гэта цяпер трэба часта выменьваць бытавую тэхніку», — кажа жанчына.

У кватэры спадарыні Уршулі з горада Вроцлаў стаіць пральная машына «Candy», якой 25 гадоў. Жанчына кажа, што шкада яе выкінуць, нягледзячы на тое, што падчас прання часам адкрываюцца дзверцы. «Але майстар сказаў, каб не выкідвала, бо цяпер пральнай машыны такой якасці нідзе не знайду», — зазначае кабета.

Ужо даўно ходзяць чуткі пра тое, што не вельмі якасную бытавую тэхніку вытворцы выпускаюць спецыяльна, каб спажыўцы як мага часцей куплялі іх прадукцыю. Вытворцы абвяргаюць гэтыя чуткі і зазначаюць, што якасць іх прадукцыі не змянілася.

Аднак факты сведчаць пра адваротнае, а больш сур’ёзныя доказы аб такой свядомай палітыцы вытворцаў мае Еўрапейская Камісія, якая стараецца змагацца з падобнай практыкай. Напрыклад, прымушаючы вытворцаў утылізаваць старую тэхніку. Спецыялісты кажуць, што гэта правільны напрамак, бо ў такім выпадку вытворцам не будзе аплачвацца выпускаць тэхніку слабай якасці, якую хутка прыйдзецца ўтылізаваць за свой кошт. Назіральнікі за рынкам электратэхнікі кажуць, што не заўсёды паміж цаной і якасцю можна паставіць знак роўнасці: здараецца, што дарагая тэхніка хутка псуецца, і наадварот — таннейшая працуе вельмі доўга, паведамляе «Gazeta Wyborcza».

www.radyjo.net