"Gazeta Wyborcza": Сённяшняя слабасць Расіі дае новы шанец для Беларусі
Супраціў украінцаў расійскай агрэсіі не дазваляе Пуціну ліквідаваць Беларусь.
Пра гэта на старонках "Gazeta Wyborcza" піша журналіст Андрэй Пачобут, паведамляе ZN.ua.
Ён прыводзіць вынікі даследавання, паводле якіх 62% беларусаў уважаюць Крым за расійскі, 47% падтрымліваюць незалежнасць так званай "Наваросіі" і 51% выступаюць за інтэграцыю Беларусі з Расіяй, а не з ЕС. Аўтар падкрэслівае ўзмацненне прарасейскіх настрояў у Беларусі, якіх раней не было.
З ягоных слоў, у краіне з'явілася новая прарасійская большасць. З аднаго боку, гэта з'ява выкліканая і расійскай прапагандай. А з другога — дзяржаўная палітыка Аляксандра Лукашэнкі таксама гэтаму спрыяла апошнія два дзесяцігоддзі. Ён неяк сказаў, што "беларусы — гэта расіяне, толькі лепшыя". І гэты тэзіс абагульняе ягоную прарасійскую палітыку з першых дзён на пасадзе кіраўніка краіны.
Беларускі дыктатар заўсёды бачыў ворага ў нацыянальнай культуры і самабытнасці свайго народа. Ён адмовіўся ад нацыянальных сімвалаў і адзінай дзяржаўнай мовы, надаўшы афіцыйны статус рускай. Тым самым ён загнаў беларусаў у расійскае "культурнае гета". Паводле статыстычных звестак, нават у школах руская мова дамінуе. У беларускія школы ходзіць толькі кожны дзясяты школьнік, а на беларускай мове навучаюцца ўсяго 300 дзяцей.
"Такім чынам, Лукашэнка стаў закладнікам уласнай антыбеларускай палітыкі, — піша Анджэй Пачобут. —Яго турбуе культурная, эканамічная і палітычная экспансія суседняй краіны. Ён пайшоў на татальную эканамічную залежнасць ад Расіі дзеля гарантыі стабільнасці свайго аўтарытарнага рэжыму. Лукашэнка змагаўся з нацыянальнай беларускай ідэнтычнасцю, падмяняючы яе савецкай спадчынай і рускай мовай. Такім чынам, ён пабудаваў у Беларусі меншую альтэрнатыўную Расію. Сярэднестатыстычны расіянін не адчувае сябе за мяжой у Беларусі. Усюды гавораць па-руску, слухаюць расійскую музыку, а па тэлевізары паказваюць расійскія каналы.
Калі б ва Украіне Уладзімір Пуцін змог рэалізаваць усе свае планы, калі б пасля "вызвольнага маршу" ў Крыме адбыўся такі ж марш на Данбасе, а прарасійскі антымайдан зрынуў урад у Кіеве і на чале Украіны стаў новы прарасійскі палітык, рускі нацыяналізм захацеў бы ад Крамля большага. Тады б маскоўскі праект Еўразійскага саюза ператварыўся б у новы СССР. І Беларусь з яе прарасійскімі і прапуцінскімі настроямі стала б безабароннай перад гэтай пагрозай".
Але аўтар заўважае, што Украіна пачала супраціўляцца. Прарасійскія баевікі разам з расійскім войскам не змаглі захапіць нават Луганскую і Данецкую вобласць цалкам. Масква пагрузілася ў эканамічны крызіс і не можа сабе дазволіць канфлікты з іншымі суседзямі. Такім чынам, незалежнасць Беларусі засталася абароненай.
Аўтар нагадвае, што Крэмль заўсёды ставіў беларускую суверэннасць пад пытанне, калі перажываў цяжкасці. У папярэдні раз гэта адбылося ў 1918 годзе, калі расіяне сілай ліквідавалі нацыянальную беларускую дзяржаву, далучыўшы яе да СССР. А сучасная Беларусь з'явілася пасля распаду савецкай імперыі.
"Сённяшняя слабасць Расіі дае новы шанец для Беларусі вырвацца з-пад дамінавання Расіі. Пытанне толькі ў тым, ці зможа Беларусь, а дакладней, яе эліты, ім скарыстацца", — гаворыцца ў артыкуле.