Былы баявік «ДНР» быў вымушаны з'ехаць з Беларусі
Пасля публікацыі інтэрв’ю з былым баевіком «ДНР» Раманам Джумаевым ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і цяпер жыве ў Расіі, распавяло «Радыё Свабода».
У сакавіку 2016 года “Радыё Свабода” апублікавала інтэрв’ю з 25-гадовым грамадзянінам Украіны Раманам Джумаевым, які амаль год ваяваў на Данбасе на баку «ДНР» у складзе групоўкі «Пятнашка». Летам 2015 года Джумаеў пакінуў Данбас, пераехаў Беларусь, у Мар’іну Горку, дзе працаваў менеджэрам па продажах у краме.
Ва Украіне на яго была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 260 частка 5 КК Украіны (удзел у незаконных узброеных фармаваннях).
У інтэрв’ю "Свабодзе" ў сакавіку Джумаеў выказваў меркаванне, што ў Беларусі яму нічога не пагражае, бо беларускія законы ён не парушаў. У магчымасць сваёй экстрадыцыі ва Украіну ён не верыў. «Ну, калі яна (Украіна — РС) будзе накіроўваць запыт (на экстрадыцыю — РС), то тады трэба на многіх адпраўляць. Я тут ужо шмат людзей сустрэў, якія былі і ў “ДНР”, і ў “ЛНР”. Нашых тут на самай справе шмат», — казаў тады ён.
Некалькі месяцаў таму на старонцы Рамана Джумаева «Укантакце» было зменена месца пражывання — замест Мінску цяпер там пазначана Масква.
Джумаеў заявіў “Свабодзе”, што ў Беларусі ён сустрэў негатыўную рэакцыю на сваё інтэрв’ю і вымушаны быў пакінуць краіну. «Так, давялося з’ехаць у Маскву», — зазначыў ён.
Ад разгорнутага каментару Джумаеў адмовіўся, таму незразумела, ці звязаны ягоны ад’езд выключна з грамадскай рэакцыяй на ягоныя прызнанні ў размове са Свабодай, ці пасля гэтага да яго ўзніклі пытанні з боку праваахоўных органаў.
Адказваючы на пытанне “Свабоды” пасля публікацыі інтэрв’ю Джумаева ў сакавіку 2016 года, кіраўнік апарату старшыні Службы бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук заявіў, што СБУ адсочвае грамадзянаў Украіны, якія ўчыняюць супрацьпраўныя дзеянні супраць украінскай дзяржавы, незалежна ад іх месцазнаходжання.
У той жа час Аляксандр Ткачук не даў канкрэтнага адказу на пытанне, ці будзе Служба бяспекі Украіны звяртацца да кампетэнтных органаў Беларусі з запытам аб экстрадыцыі Рамана Джумаева.