Бунт суддзяў у Віцебску? Абласны суд не падтрымаў пратэст пракурора па справе «пікету ў лесе»

Віцебскі абласны суд не падтрымаў пратэст пракурора Дубава па справе «пікету ў лесе».

125e4605764911a65f000c422ece37a5_xl_logo_1.jpg


Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала адна з фігурантак справы Таццяна Севярынец.

Нагадаем, раніцай 13 студзеня ў прыгарадным лесе сабралася кампанія жанчын: Таццяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч, Алена Коснава, Тамара Ільіна і Раіса Кухто. Таццяна Севярынец хацела правесці для іх майстар-клас па скандынаўскай хадзе. Аднак іх затрымалі 12 супрацоўнікаў міліцыі.

Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС. На ўсіх склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце «з бел-чырвона-белым палотнішчам».

Суд Першамайскага раёна Віцебска 19 студзеня разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Таццяны Севярынец і Алены Касновай. Суддзя Вераніка Барысава спыніла справу — за недаказанасцю віны гараджанак — і выбачылася перад імі. 20 студзеня суддзя Уладзімір Царыкаў (суд Кастрычніцкага раёна) з такой жа фармулёўкай («праз недаказанасць віны») спыніў справу яшчэ трох удзельніц так званага «пікета ў лесе».

В.а. пракурора Віцебска Кірыл Дубаў прынёс пратэст на рашэнне суду Першамайскага раёну. «Выснова аб недаказанасці віны згаданых асобаў ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння была зробленая заўчасна, без належнага даследавання абставінаў правапарушэння», — гаварылася ў пратэсце пракуратуры, накіраванай у Віцебскі абласны суд.

Паводле пракурора Дубава, суддзя мусіла апытаць яшчэ сведкаў-міліцыянтаў, якія выязджалі ў лес, калі атрымалі «паведамленне аб учыненні правапарушэння» (Мілянцей, Ермаковіч, Барысаў), а таксама астатніх супрацоўнікаў АУС, якія «выбылі па выкліку на месца».

«Падчас даследавання доказаў у справе не выяўлена, хто з супрацоўнікаў АУС знайшоў бел-чырвона-белы сцяг, не ўстаноўленая ягоная прыналежнасць, не знятыя супярэчнасці ў тлумачэннях сведкаў аб месцы, дзе яго знайшлі, а таксама не знятыя супярэчнасці аб часе і працягласці знаходжання затрыманых на месцы ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння», – пералічвала «заганы» суда пракуратура.

Абласны суд павінен быў альбо адхіліць пратэст, альбо задаволіць і накіраваць справу Таццяны Севярынец і Алены Касновай на новы разгляд.