БТЧК страчвае замежнае фінансаванне. ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для праектаў у Беларусі

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый шукае замену Беларускаму таварыству Чырвонага Крыжа (БТЧК) для праектаў у Беларусі з-за прыпынення членства БТЧК у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП).

9775__1__logo.jpg.webp

Пра гэта «Бюро» расказалі ў беларускім прадстаўніцтве ААН.

Цяпер структуры міжнароднай арганізацыі завяршаюць бягучыя праекты з БТЧК, а на перспектыву шукаюць ім замену. Магчыма, будуць дапамагаць праз іншыя няўрадавыя арганізацыі або працаваць з лякарнямі наўпрост.

«Агенцтвы ААН у Беларусі засяроджаныя на завяршэнні цяперашніх праектаў з Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы вывучаем альтэрнатыўныя метады, як працягнуць аказваць неабходную падтрымку ўразлівым супольнасцям у Беларусі, каб гарантаваць бесперабойнасць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны перыяд», – зазначылі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.

З-за скандальнай паездкі генеральнага сакратара БТЧК Дзмітрыя Шаўцова (з нашыўкай Z на плячы) на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі членства беларускай гуманітарнай арганізацыі ў МФТЧКіЧП паставілі на паўзу. З 1 снежня любое новае фінансаванне БТЧК будзе прыпыненае.

Згодна са справаздачай БТЧК за 2022 год, якую мае ў распараджэнні «Бюро», замежнае фінансаванне склала 57,2% ад усяго бюджэту арганізацыі. Агульная сума дапамогі – амаль 13 мільёнаў рублёў. На долю МФТЧКіЧП прыпадала каля 30% усяго замежнага фінансавання, а ўвогуле на ўдзельнікаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца — 58% усёй міжнароднай дапамогі для БТЧК.

Яшчэ 41% складала грашовая дапамога ад агенцтваў ААН.

Атрымліваецца, што калі міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і агенцтвы ААН адмовяцца ад супрацоўніцтва і фінансавання праектаў БТЧК, то арганізацыя страціць амаль усё замежнае фінансаванне – на 2022 год гэта былі б 99%.

Міжнародная федэрацыя арганізацый Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФАЧКіЧП) з 1 снежня прыпыніла сяброўства ў ёй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК). Пра гэта афіцыйна паведаміла федэрацыя Міжнароднага Чырвонага Крыжа.

Пастанова была прынятая ў сувязі з адмовай БТЧК зняць з пасады свайго кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова, прэтэнзіі да якога ўключалі заявы аб ядзернай зброі, удзел у перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, візіт у акупаваныя расійскімі войскамі ўкраінскія гарады Луганск і Данецк.

З 1 снежня таксама прыпыняецца фінансаванне Беларускага Чырвонага Крыжа. БКК не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай асамблеі арганізацыі, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах.

Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў сваіх правах пасля таго, як здыме Шаўцова з пасады генеральнага сакратара нацыянальнай арганізацыі.

«МФАЧКіЧП будзе ацэньваць сітуацыю сумесна з уладамі і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб вызначыць найлепшы падыход да забеспячэння ўразлівых супольнасцяў гуманітарнай дапамогай», — гаворыцца ў паведамленні.

Глядзіце таксама