Кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа наведаў Данбас у майцы з літарай Z. Як патлумачыў?

Генеральны сакратар беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў наведаў Данбас і трапіў на камеру ў футболцы з расійскай вайсковай сімволікай. Кіраўнік БТЧК даў інтэрв'ю расійскаму дзяржвыданню Sputnik у форме з нашыўкай Z. Між тым статут Чырвонага Крыжа забараняе аддаваць перавагу якой-небудзь баку ў ваенных дзеяннях. Па каментар «Люстэрка» звярнулася да самога Шаўцова.

Фота «Спутніка»

Фота «Спутніка»

— Вы казалі, што ездзілі на Данбас. Гэта праўда? — удакладніў журналіст.

— Так, вядома. Толькі я зараз еду ў наступную камандзіроўку. Давайце мы з вамі сустрэнемся на наступным тыдні.

— Скажыце, а як суадносіцца ваш візіт і наяўнасць на вашай вопратцы расійскай праваеннай сімволікі са статутам БТЧК, у якім гаворыцца, што яна не аддае перавагі ні адной з бакоў падчас ваенных дзеянняў?

Пасля гэтага пытання Дзмітрый Шаўцоў паклаў слухаўку. Журналісты выдання прадублявалі яго тэкставым паведамленнем, але яно таксама засталося без адказу. У прэс-службе БТЧК назапыт медыя не адказалі.

Тлумачэнні ў беларускага Чырвонага Крыжа спрабавала таксама ўзяць «Еўрарадыё». Але ў БТЧК адмовіліся каментаваць сітуацыю, сказаўшы толькі, што нейкі каментар калісьці будзе апублікаваны ў сацсетках арганізацыі.

На Данбас Шаўцоў накіраваўся разам з «матывацыйным трэнерам і бізнесоўцам» Аляксеем Талаем. Фармальнай нагодай стала перадача гуманітарнай дапамогі. Але была ў яго і іншая мэта. Бос БТЧК «асабіста пераканаўся, што ўсе дзеці з ДНР пасля адпачынку ў Беларусі вярнуліся дадому».

То бок, беларускі Чырвоны Крыж не толькі падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, але і дапамагае Аляксандру Лукашэнку пазбегнуць адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.


Глядзіце таксама

З беларускім Чырвоным Крыжам звязана шмат скандалаў, бо ён трывала асацыюецца з рэжымам. Напрыклад, ад арганізацыі вылучалі чальцоў выбарчых камісій і назіральнікаў, хаця яна «па-за палітыкай». Нягледзячы на шматлікія скаргі, кіраўніцтва міжнароднага Чырвонага Крыжа не прымала ніякіх мер. Летась Дзмітрыя Шаўцова злавілі на гамафобных выказваннях.

Абвінавачванне ў ваенным злачынстве — арганізаваным і сістэматычным вывазе ўкраінскіх дзяцей — вельмі хвалюе Аляксандра Лукашэнку. «Лукашэнку ў Гаагу... За што?» — абураўся нядаўна ён на нарадзе.

Статут Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа абвяшчае, што арганізацыя ў сваёй дзейнасці прытрымліваецца асноватворных прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, і адзін з іх — нейтральнасць. У статуце арганізацыі нават ёсць тлумачэнне значэння гэтага прынцыпу — рух не аддае перавагі ні аднаму з бакоў падчас ваенных дзеянняў.