Беларускі Чырвоны Крыж адсякуць ад Міжнароднай федэрацыі і пазбавяць фінансавання
Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрый Шаўцоў працягвае выконваць свае паўнамоцтвы, нягледзячы на тое, што праўленне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФКК) патрабавала яго адстаўкі.
«7 верасня XXVI з'ездам Беларускага Чырвонага Крыжа прынята аднагалоснае рашэнне аб працягу працы Дзмітрыя Шаўцова ў займаемай ім пасадзе генеральнага сакратара. Такім чынам, Дзмітрый Шаўцоў працягвае выконваць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасці з рашэннем з'езда», — паведамілі ТАСС у арганізацыі.
Нагадаем, 4 кастрычніка праўленне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФКК) пасля праведзенага расследавання заявіла, што генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрый Шаўцоў парушыў асноўныя прынцыпы руху, правілы выкарыстання яго эмблем і палітыку добрасумленнасці Федэрацыі.
У МФКК ва ультыматыўнай форме запатрабавалі сыходу ў адстаўку Генеральнага сакратара БКК Шаўцова да 30 лістапада ў сувязі з парушэннем нейтралітэту праз ягоныя паездкі на Данбас. У іншым выпадку ў МФКК прыгразілі прыпыніць сяброўства БКК у Федэрацыі і спыніць фінансаванне, калі гэта патрабаванне не будзе выканана да 30 лістапада.
Нагадаем, у ліпені генеральны сакратар БТЧК Дзмітрый Шаўцоў наведаў Данбас і трапіў на камеру ў форме з нашыўкай Z — расійскай сімволікай нападу на Украіну. Між тым статут Чырвонага Крыжа забараняе аддаваць перавагу якому-небудзь баку ў ваенных дзеяннях. У другі свой візіт на Данбас Шаўцоў (ужо ў майцы і кепцы з лагатыпамі Чырвонага Крыжа) раздаваў гуманітарную дапамогу і пацвердзіў на камеру прапагандысткі «Беларусь 1», што беларускі Чырвоны Крыж прымае «актыўны ўдзел» у вывазе ўкраінскіх дзяцей у нашу краіну — нібыта на аздараўленне.
Гэтай справай зацікавілася Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФКК). Там асудзілі паездку Шаўцова ў акупаваныя ўкраінскія рэгіёны. У арганізацыі палічылі, што абставіны візіту кампраметуюць яе асноўныя прынцыпы. У МФКК рэкамендавалі Дзмітрыю Шаўцову адысці ад спраў.
Але Шаўцоў не спыніўся, і ў эфіры «АНТ» прыгразіў краінам Захаду магчымасцю выкарыстання ядзернай зброі:
«Вядома, палітыка, якая была ў Савецкім Саюзе, выклікала шмат спрэчак, шмат пагалосак. Але ўчынак Мікіты Хрушчова, які раптоўна прывёз на Кубу ядзерную зброю, паставіў, па-першае, безумоўна, на мяжу ядзернай вайны ўсё чалавецтва.
Выразна паказаў усім сваё месца. І выразна паказаў, што Савецкі Саюз проста так у бірулькі, прабачце, не гуляе. Калі трэба — будзе ўжыта тактычная ядзерная зброя. І тады, прабачце, некаторыя людзі з аднаго кантынента селі на сваю попу і зразумелі, што далей ужо сапраўды нельга…
Я ні да чаго не заклікаю. Я досыць прамалінейны чалавек, часам пакутую ад гэтага. Але рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Можа быць, усё ж такі варта людзям намякнуць, што мы не проста вам гаворым і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць».